У Мінску дзевяцікласнік рабаваў вулічныя аўтаматы
У Мінску дзевяцікласнік рабаваў вулічныя аўтаматы. Разам з ім дзейнічаў 39-гадовы мужчына з пнеўматычным пісталетам. Іх затрымалі на аўтавакзале сталіцы пры спробе выехаць у Расію, інфармуе прэс-служба МУС.
На зламыснікаў удалося выйсці пасля таго, як яны "засвяціліся" каля гандлёвага цэнтра па Уманскай вуліцы. Мужчына і юнак спрабавалі ўскрыць паркамат, што заўважыў ахоўнік цэнтра. Адзін з невядомых спыніў яго — накіраваў пісталет. Няўдалыя рабаўнікі ўцяклі, а міліцыя пачала іх пошук. Высветлілася, што гэта былі 39-гадовы беспрацоўны мінчук, які раней быў асуджаны за крадзеж, і 15-гадовы школьнік. Падчас затрымання ў іх пры сабе былі пнеўматычны пісталет і інструмент для ўзлому.
Затрыманых правяраюць на датычнасць да ўзломаў кававых і вендынгавых апаратаў у Мінску. Гэта больш за дзясятак эпізодаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.