У Мінску кляшчоў знайшлі ў Батанічным садзе і на вуліцы Скарыны (абноўлена)
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач сталіцы супакойвае: апрацоўка гарадскіх тэрыторый ад кляшчоў дае станоўчыя вынікі.
У спіс сталічных тэрыторый, дзе былі выяўленыя кляшчы, дадаліся яшчэ дзве. Гэта — батанічны сад і вуліца імя Ф. Скарыны. Як інфармуе агенцтва "Мінск-навіны", пра гэта на аператыўным паседжанні ў Мінгарвыканкаме 25 траўня заявіла галоўны дзяржаўны санітарны ўрач сталіцы Наталля Жукава.
Як паведамляла Еўрарадыё, з пачатку 2015 года ў Мінску па дапамогу да медыкаў пасля ўкусаў кляшчоў звярнуліся каля 430 чалавек. Жукава супакойвае: добры вынік дала апрацоўка гарадскіх тэрыторый ад кляшчоў. У выніку ў сталіцы іх колькасць на 1 кв. км не перавышае 0,5 асобіны.
Як паведаміла Еўрарадыё загадчыца лабараторыі аховы раслін Батанічнага саду Людміла Галоўчанка, апрацоўка раслін супраць кляшчоў і грызуноў у садзе праводзіцца ўвесь сезон. З пачатку гэтага сезона спецыялісты Батанічнага саду ўжо правялі дзве апрацоўкі.
“Кляшчы ёсць ва ўсіх зялёных масівах. Улічваючы той факт, што цяпер не праводзіцца авіяапрацоўка лясоў, як гэта рабілася ў савецкія часы, колькасць кляшчоў павялічылася. Мы рэгулярна праводзім апрацоўку тых зон, дзе гэтыя кляшчы могуць быць. Апрацоўку робім прэпаратамі, якія нам рэкамендуе санэпідэмслужба горада. Мы праводзім таксама скошванне травы і раскідваем радэнтэцыды — такія прэпараты для барацьбы з грызунамі”, — заўважае спецыяліст. Яна рэкамендуе пасля наведвання любой зоны, не толькі Батанічнага саду, агледзець сябе і дзяцей на наяўнасць кляшчоў.
Фота: Fotolia, карта: minsksanepid.by