У Мінску назіральніка “Права выбару-2015” пазбавілі акрэдытацыі
У Мінску назіральніка кампаніі “Права выбару-2015” Дзмітрыя Захарава, чальца незалежнага прафсаюза, пазбавілі акрэдытацыі. Адпаведнае рашэнне прыняла ўчастковая выбарчая камісія № 23 Партызанскага раёна. Падставай для яго стала дакладная запіска назіральніка ад БРСМ і аднаго з членаў участковай выбарчай камісіі. Яны сцвярджаюць, што Захараў вёў апытанне навучэнкі каледжа, якая прагаласавала на ўчастку. Сваімі дзеяннямі ён парушыў арт.13 Выбарчага кодэкса, які не дазваляе назіральніку рабіць падобныя апытанні, пра што быў папярэджаны старшынёй участковай выбарчай камісіі.
Аднак Дзмітрый Захараў пачаў тэлефанаваць апытанай ім дзяўчыне і задаваць пытанні аб тым, хто прымушаў яе прагаласаваць датэрмінова. Пасля гэтага камісія прыняла рашэнне аб пазбаўленні назіральніка акрэдытацыі.
Па словах назіральніка, ён размаўляў з дзяўчынай за межамі выбарчага ўчастка. У сувязі з выдаленнем Захарава кампаніяй назірання “Права выбару-2015” рыхтуецца скарга.
Фота: БЕЛТА