У Мінску прыпынілі выплату дапамогі да пенсій, не працуюць сацыяльныя таксі

У Мінску прыпынілі выплату дапамогі да пенсій, не працуюць сацыяльныя таксі

З 1 студзеня ў Мінску прыпыненая выплата штомесячнай сацыяльнай дапамогі да пенсій. Яе атрымлівалі ветэраны і ўдзельнікі Другой сусветнай вайны, інваліды і дзеці-інваліды да 18 гадоў. Дапамога ў 200 тысяч рублёў выдаткоўвалася з бюджэту горада. Апроч таго, прыпыненая праца і сацыяльных таксі. Па афіцыйных дадзеных, такія меры звязаныя са сканчэннем рэалізацыі Праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання ў Мінску на 2011-2015 гады. Новая ж праграма пакуль не прынятая.

 

У Мінску прыпынілі выплату дапамогі да пенсій, не працуюць сацыяльныя таксі

"Па-сутнасці, гэтыя даплаты былі толькі для таго, каб падцягнуць хаця б крыху да пражытачнага мінімуму тыя пенсіі, якія атрымлівалі людзі, — разважае каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. — А сацыяльнае таксі — гэта не прывілей, а ўсяго толькі кампенсацыя за тое, што гарадскі транспарт не прыстасаваны для вазочнікаў. І тое, што адбылося, гэта не проста адкат ад нейкіх прывілеяў у Мінску, а адкат ад сацыяльных гарантый".

Па словах Драздоўскага, сітуацыя, калі заканчваецца адна праграма для інвалідаў, а новая не ўступае ў сілу, здараецца ўпершыню. І у тое, што новы дакумент будзе падпісаны неўзабаве, Дразроўскі не верыць, маўляў, добра, калі гэта адбудзецца ў лютым-сакавіку. Але ў Мінгарвыканкаме Еўрарадыё запэўніваюць, што дакументы распрацаваныя, падрыхтаваныя і знаходзяцца на зацвярджэнні.


"Думаю, яны будуць падпісаныя ў бліжэйшы час, — кажа Кацярына Юркевіч з Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. — З першага студзеня будуць пераразлічаныя і выплачаныя ўсе даплаты. Мы ні ў якім разе ад іх не адмаўляемся".


Паводле спецыяліста, дакументы на выплаты сацыяльнай дапамогі былі падрыхтаваныя на канец мінулага года. Але ў сувязі са зменамі ў заканадаўстве (31 снежня кіраўнік краіны падпісаў шэраг указаў, у тым ліку, якія тычацца і сацыяльнай абароны насельніцтва), ужо існуючы дакумент давялося адаптаваць пад новыя рэаліі.


"І на таксі, і на астатнія мерапрыемствы грошы ёсць. Гэта толькі справа подпісу. Як толькі дакумент будзе падпісаны, усё адразу запрацуе", — пераконвае Кацярына Юркевіч.

 

У Мінску прыпынілі выплату дапамогі да пенсій, не працуюць сацыяльныя таксі

Замовіць сацыяльнае таксі ні ў адным з трох тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнай абароны Мінска ў Еўрарадыё не атрымалася. Некаторыя спецыялісты паведамляюць, што таксі проста адмянілі. Назаўсёды. Некаторыя, што часова не аказваюць паслугу, і пасля таго, як у Мінюсце падпішуць дакументы на яе працягненне, праца адновіцца.


Праўда, калі ўсё ж будуць падпісаныя новыя паперы, не вядома. У Мінюсце Еўрарадыё кажуць, што на абавязковую юрыдычную экспертызу дакумент пакуль не паступаў.


У сваю чаргу, Офіс па правах людзей з інваліднасцю рыхтуе звароты ў Мінгарвыканкам і Мінгарсавет, у якіх просіць паскорыць выплату дапамогі.

Загалоўнае фота: ByMedia.net. А таксама www.disright.org, tut.by

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі