У Мінску затрымалі траіх расіян, якія гандлявалі наркотыкамі праз інтэрнэт
У Мінску затрымалі траіх расіян, якія гандлявалі наркотыкамі (класічнымі і сінтэтычнымі) праз інтэрнэт. Двое мужчын ва ўзросце 25 і 31 года, а таксама 20-гадовая дзяўчына зрабілі закладкі ў расійскім горадзе Пермь і з'ехалі ў Беларусь, хаваліся ў нашай краіне ад расійскай паліцыі. У Мінску яны здымалі кватэру і выконвалі ролю "аператараў" інтэрнэт-крамы, паведамлялі кліентам, дзе ў Пярмі можна забраць закладку.
Як інфармуе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама, у згаданым расійскім горадзе знайшлі 30 схованак з расфасаванымі дозамі наркотыкаў. Цяпер вырашаецца пытанне пра дэпартацыю затрыманых у Расію. Высветлілася, што 31-гадовы мужчына знаходзіцца ў вышуку расійскай паліцыі за здзяйсненне яшчэ аднаго злачынства. Другі расіянін парушыў правілы знаходжання ў нашай краіне.