У Мінску затрымалі трох беларускіх нацболаў
Затрыманне адбылося каля 8-й гадзіны раніцы.
Як паведамляе БелаПАН, затрыманыя Яўген Контуш, Дзяніс Сахар і Дзмітрый Паліенка. Іх затрымалі каля сваіх дамоў.
Як мяркуюць паплечнікі нацболаў, хутчэй за ўсё, затрыманне звязанае з акцыяй супраць "прызыўнога рабства". Яна адбылася 6 жніўня каля Міністэрства абароны. Нацболы вывесілі на агароджы міністэрства расцяжку "Далоў войска рабоў!" Таксама яны раскідалі ўлёткі, дзе тлумачылі негатыўныя бакі фармавання войска на прымусовай аснове і перавагі добраахвотнага войска.
Паводле некаторых звестак, затрыманыя знаходзяцца ў Цэнтральным РУУС Мінска.