У МЗС Беларусі выклікалі часовых павераных у справах Літвы і Еўрапейскага Саюза

МЗС Беларусі

МЗС Беларусі / sb.by

У сувязі з сітуацыяй, якая склалася на беларуска-літоўскай мяжы, у беларускі МЗС выклікалі часовых павераных Літвы і прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. Падставай сталі абмежаванні на правоз праз мяжу тавараў для асабістага карыстання, якія ўвяла Літва.  

"Тое самаўпраўства, што адбываецца на літоўска-беларускай мяжы, з'яўляецца бясспрэчным фактам парушэння афіцыйнай Вільняй фундаментальных правоў чалавека на гуманнае абыходжанне", — гаворыцца ў паведамленні беларускага МЗС. У беларускім знешнепалітычным ведамстве нагадалі пра ноту, якую накіроўвалі ў Вільню. Рэакцыі на яе з боку ўладаў Літвы так і не было. Таму ў Мінску вырашылі "звярнуцца да еўрапейскіх структур з патрабаваннем даць ацэнку адпаведнасці такіх крокаў Вільні мытнаму заканадаўству ЕС і еўрапейскім каштоўнасцям". У беларускім МЗС таксама заклікалі афіцыйную Вільню "адмовіцца ад ганебнай практыкі прыніжэння ўведзенымі мерамі простых людзей".

З 3 чэрвеня ў Літве пачала дзейнічаць забарона на пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі і Расіі. У спісе тавараў, якія трапілі пад забарону, больш за 2800 пазіцый. На практыцы ж з праблемамі сутыкнуліся не толькі пастаўшчыкі, але і звычайныя грамадзяне. У першыя дні дзеяння дакумента ў іх адбіралі нават прадукты, якія яны бралі з сабой у дарогу. Праз некалькі дзён літоўскі бок скарэктаваў практыку прымянення гэтай забароны: прадукты ў распачатых упакоўках дазволілі перавозіць праз мяжу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі