У МЗС Літвы гаварылі пра АЭС і правы чалавека ў Беларусі
3 верасня кіраўнік літоўскага знешнепалітычнага ведамства Лінас Лінкявічус сустрэўся з беларускім амбасадарам Валерыем Бараноўскім. Прэс-служба МЗС Беларусі паведаміла, што быў "абмеркаваны комплекс пытанняў двухбаковага парадку дня". Акрамя палітычнага і эканамічнага ўзаемадзеяння Беларусі і Літвы гаворка ішла і пра "шэраг праблемных аспектаў". Бараноўскі гаварыў пра "неабходнасць правядзення пастаяннага экспертнага дыялогу ў мэтах зняцця заклапочанасцяў бакоў, якія замінаюць паўнавартаснаму развіццю двухбаковага ўзаемадзеяння".
Delfi ўдакладніла, якія менавіта "праблемныя аспекты" абмяркоўваліся ў Вільні. Гэта — бяспека Астравецкай АЭС і сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Гаворачы пра Беларускую АЭС, Лінас Лінкявічус звярнуў увагу на неабходнасць супрацоўніцтва уладаў Беларусі з міжнароднымі экспертамі ў справе яе бяспекі. Нагадаў міністр пра выкананне рэкамендацый ЕС на гэтую ж тэму.
Лінкявічус падкрэсліў важнасць для Літвы праблемы гэтай атамнай станцыі і яе ўплыву на двухбаковыя дачыненні, на адносіны Еўрасаюза і Беларусі. І калі Мінск будзе выконваць міжнародныя абавязацельствы ў галіне ядзернай бяспекі, а таксама прадэманструе рэальны прагрэс у галіне правоў чалавека, то гэта істотна паўплывае на развіццё далейшых дачыненняў Беларусі і ЕС.
Міністр замежных спраў Літвы заявіў на сустрэчы з беларускім амбасадарам, што яго краіна "зацікаўлена ў павелічэнні колькасці турыстаў з Беларусі і ў спрашчэнні візавага рэжыму паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.