У навагоднюю ноч у Гомелі загінуў падлетак — СК
Смяротнае ДТЗ у Гомелі
Следчы камітэт закончыў расследаванне інцыдэнту ў навагоднюю ноч у Гомелі. Тады ў ДТЗ загінуў 15-гадовы школьнік.
Паведамляецца, што дзевяцікласнік адсвяткаваў Новы год дома і пайшоў да галоўнай гарадской ялінкі разам з 21-гадовым прыяцелем. Імжэў дождж. Каля пешаходнага пераходу на вуліцы Яфрэмава яны спыніліся і агледзеліся. На святлафорах гарэў перарывісты жоўты сігнал. Белы BMW спыніўся, каб прапусціць іх, а калі хлопцы выйшлі на дарогу, на пешаходны пераход вылецеў Mitsubishi Galant.
Кіроўца збіў пешаходаў і, не спыняючыся, паехаў далей. Падлетак памёр на месцы здарэння. Другі пешаход атрымаў цяжкія цялесныя траўмы. На месца здарэння прыбеглі патрульныя, якія дзяжурылі непадалёк. А кіроўца BMW дагнаў Mitsubishi, які павярнуў на суседнюю вуліцу.
Выявілася, што аўтамабілем кіраваў 39-гадовы гамялчук, які з жонкай і двума дзецьмі вяртаўся з гасцей дадому. Мужчына быў п'яны: канцэнтрацыя этылавага спірту ў крыві складала 2,82 праміле. Перад ДТЗ аўтамабіль ехаў з хуткасцю не менш за 72 км/гадз. Аўтамабіль не меў дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, у ім не працавала правая процітуманная фара. Малодшае дзіця ехала не ў дзіцячым крэсле. Таксама следчыя адзначаюць, што раней мужчына больш за 20 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ПДР.
Следчы эксперымент паказаў, што бачнасць дарогі ў кірунку руху Mitsubishi была не менш за 150 метраў. Судовыя эксперты прыйшлі да высновы, што ад моманту бачнасці дарожнага знака "Пешаходны пераход" кіроўца меў магчымасць спыніць аўтамабіль як праз штатнае, так і праз экстранае тармажэнне.
Гамельчука вінавацяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 4 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання) і ч. 3 арт. 159 (свядомае пакіданне ў небяспецы, здзейсненае асобай, якая сама па неасцярожнасці паставіла пацярпелага ў небяспечны для жыцця і здароўя стан).
Мужчыну ўзялі пад варту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.