У Наваполацку Mazda збіла на пешаходным пераходзе адразу трох чалавек
У Наваполацку Mazda збіла на нерэгуляваным пешаходным пераходзе адразу трох чалавек. Здарэнне адбылося ўвечары 6 кастрычніка на вуліцы Ктаторава. 42-гадовы кіроўца абганяў па сустрэчнай паласе спадарожныя аўтамабілі, якія прапускалі пешаходаў, перад пераходам ён не знізіў хуткасць. А там аказаліся людзі.
Вучаніца 4-га класа памерла ў машыне хуткай дапамогі. Іншыя пацярпелыя знаходзяцца ў бальніцы. Гэта 19-гадовая сястра загінулай і 30-гадовы мясцовы жыхар. Кіроўцу затрымалі, у яго адносінах распачалі крымінальную справу (артыкул — "парушэнне правіл дарожнага руху ці эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека", ч. 2 арт. 317 КК). Адзначаецца, што раней яго сем разоў штрафавалі за перавышэнне хуткасці, інфармуе БЕЛТА.