У Паставах два памежнікі Смаргонскай групы атрымалі апёкі і пераломы
У Паставах два памежнікі Смаргонскай групы атрымалі апёкі, пераломы і некаторыя іншыя траўмы падчас рамонту службовай машыны. Як паведамляе сайт Дзяржаўнага памежнага камітэта, інцыдэнт адбыўся 21 верасня.
Супрацоўнікі памежнай камендатуры “Паставы” ажыццяўлялі зварачныя працы, але парушылі тэхніку бяспекі — загарэліся пары аўтамабільнага паліва і аўтамабіль узарваўся.
Адзін з пацярпелых — салдат тэрміновай службы. У яго апёкі 1-2 ступені адкрытых участкаў цела, удары ніжніх канцавінаў і колатая рана левай нагі. Другі пацярпелы — прапаршчык-кантрактнік, у яго таксама апёкі і ўдары, а яшчэ пералом рукі і лёгкае страсенне мазгоў.
Пажар ліквідавалі супрацоўнікі МНС. Абодвух памежнікаў даставілі ў лякарню, іх жыццям нічога не пагражае. Камандаванне праводзіць разбіральніцтва.
Тут сцвярджаюць, што інцыдэнт адбыўся ў прыватным гаражы прапаршчыка-кантрактніка.