У Польшчы судзяць неанацыста, які напаў на беларуса і хацеў уцячы да Лукашэнкі
Войцех А.
У польскім горадзе Быдгашчы пачаўся суд над удзельнікамі нацыяналістычнага і неанацысцкага руху Kamractwo, піша MOST. Іх вінавацяць у прапагандзе нянавісці на нацыянальнай глебе, нелегальным захоўванні зброі і нападзе на беларускага актывіста.
Падсуднымі па справе праходзяць пяць чалавек. Адзін з іх трэш-стрымер Войцех А. — вядомы фанат Пуціна і Лукашэнкі. Гэта менавіта яго вінавацяць у нападзе на беларускага актывіста Глеба Вайкуля. Інцыдэнт адбыўся 29 траўня 2021 года ў цэнтры Быдгашча.
СМІ пісалі, што ў той дзень паляк накінуўся на беларуса з крыкамі: "Няхай жыве Лукашэнка! Няхай жыве Пуцін! Вып***аляй (правальвай. — Рэд.), ж***ўская (габрэйская. — Рэд.) ануча, з маёй краіны!" Пасля гэтага нападнік распыліў у вочы Вайкулю слезацечны газ.
У 2022 годзе Войцех А. заяўляў, што хоча выехаць у Беларусь, каб пазбегнуць пакарання ў Польшчы.
Войцеха А. і яго паплечніка Марціна вінавацяць у абразлівых, ненавісніцкіх выказваннях у дачыненні да габрэяў, украінцаў і беларусаў, а таксама закліках да гвалту. Мужчыны выказваліся так у сацсетках і падчас публічных сходаў. У абвінавачванні таксама адзначаецца, што яны пашыралі лукашэнкаўскую і пуцінскую прапаганду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.