У Польшчы за 7 гадоў арыштавалі 46 шпіёнаў, звязаных з Расіяй і Беларуссю
Шпіён
У 2016-2023 гадах Агенцтва ўнутранай бяспекі і Служба вайсковай контрразведкі Польшчы арыштавалі 46 чалавек па падазрэнні ў супрацоўніцтве з расійскай ці беларускай разведкай. Такую статыстыку прыводзіць Niezalezna.pl са словаў міністра-каардынатара спецыяльных службаў Марыюша Камінскага.
За той жа тэрмін польскія спецслужбы выявілі ў краіне 55 беларускіх і расійскіх разведчыкаў, якія працавалі пад прыкрыццём дыпламатычнага статусу. Па словах Камінскага, высланыя з Польшчы расіяне і беларусы насамрэч былі афіцэрамі разведслужбаў, якія дзейнічалі супраць Польшчы.
Яшчэ 816 чалавек з падачы польскай контрразведкі ўнесеныя ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіну, бо іх "прысутнасць у Польшчы прывяла б да ўзнікнення разведвальных пагроз". У 2008-2015 гадах у такім спісе было толькі 25 асобаў.
Польскі ўрад, па словах Камінскага, лічыць працу контрразведкі прыярытэтнай. Дзейнасць Беларусі і Расіі разглядаецца як пагроза. "Спецслужбы Расіі ці падкантрольнай ёй Беларусі не былі і ніколі не будуць партнёрамі польскіх контрразведніцкіх службаў", — гаворыцца ў заяве, перададзенай польскімі СМІ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.