У пятніцу Брытанія пусціць экстранныя авіярэйсы ў Шарм-эль-Шэйх

У пятніцу Брытанія пусціць экстранныя авіярэйсы ў Шарм-эль-Шэйх

Улады Злучанага Каралеўства паведамляюць, што на Сінайскім паўвостраве цяпер знаходзіцца каля 20 тысяч брытанцаў. У пятніцу са Злучанага Каралеўства ў Егіпет могуць пусціць адмысловыя рэйсы, каб эвакуяваць сваіх турыстаў, заявіў міністр замежных спраў каралеўства Філіп Хэманд.

Усе іншыя авіярэйсы ў Шарм-эль-Шэйх з Брытаніі і Ірландыі прыпыненыя, бо дагэтуль версія тэракта на борце расійскага пасажырскага самалёта А321 не адкінутая. Цяпер у Егіпце знаходзіцца група брытанскіх экспертаў для ацэнкі сітуацыі ў аэрапорце. Па выніках праверкі будзе прынятае рашэнне, ці будуць узноўленыя палёты. Тым часам “Белавія”, якая накіроўвае ў Шарм-эль-Шэйх чартарныя рэйсы, адмаўляцца ад палётаў пакуль не збіраецца.

“У нас пакуль такой інфармацыі ад брытанскіх спецслужб няма, — каментуе намеснік дырэктара беларускай авіякампаніі Ігар Чаргінец. — А адмяняць рэйсы з-за паведамленняў у СМІ мы не можам. Гэтым пытаннем займаюцца адпаведныя спецслужбы, Белавія не можа вырашаць такія пытанні”.

Нагадаем, улады Егіпту выказваюць сумневы ў тым, што самалёт расійскай авіякампаніі “Кагалымавія” разваліўся ў паветры, як сцвярджаюць многія эксперты. У егіпецкім міністэрстве грамадзянскай авіяцыі паведамілі, што ніякіх доказаў на карысць гэтай версіі дагэтуль няма.

У той жа час прадстаўнікі ЗША паведамілі, што іх спадарожнік зафіксаваў у раёне крушэння самалёта буйную цеплавую ўспышку. Гэтая ўспышка была зафіксаваная менавіта ў паветры, таму выключаная версія, згодна з якой самалёт узарваўся ад удару аб зямлю.

У Вашынгтоне мяркуюць, што катастрофа расійскага авіялайнера А321 магла адбыцца з-за выбуху бомбы, закладзенай на борце прыхільнікамі “Ісламскай дзяржавы” (ІД) або звязаных з ёй груповак. Спасылаючыся на ананімную крыніцу ў амерыканскіх спецслужбах пра гэта паведаміў тэлеканал CNN:

“Узнікае выразнае адчуванне, што гэта было выбуховае прыстасаванне, размешчанае ў багажы або недзе ў самалёце”.

Такая выснова зробленая на падставе апошніх дадзеных амерыканскай разведкі, у тым ліку “маніторынгу ўнутраных паведамленняў тэрарыстычнай групоўкі ІД”, якія адрозніваюцца ад іх публічнай прапаганды.

Ускосна пацвярджае гэтую версію блог сайта FlightRadar24, які адсочвае самалёты па ўсім свеце. Ён таксама сцвярджае, што перад крушэннем з самалётам нешта адбылося. Прадстаўнікі сайта адзначаюць, што вертыкальная хуткасць самалёта рэзка знізілася ўсяго за адну секунду, пасля чаго ён пачаў імкліва губляць вышыню.

Але афіцыйны прадстаўнік егіпецкага ўраду ў тэлеэфіры адпрэчыў гэтую версію. Па словах чыноўніка, дадзеныя са спадарожнікаў выключаюць магчымасць тэракта на борце і паказваюць на тое, што прычынай падзення самалёта сталі тэхнічныя непаладкі.

Егіпецкія СМІ са спасылкай на неназваныя крыніцы ў следчай камісіі паведамляюць, што прычынай катастрофы стаў выбух рухавіка. Крыніцы пры гэтым спасылаюцца на дадзеныя расшыфроўкі бартавых самапісцаў авіялайнера. Пры гэтым адна з “чорных скрыняў” была часткова пашкоджаная, на выманне дадзеных з яе спатрэбіцца час.

4 лістапада прадстаўнікі экстрэмісцкай групоўкі “Ісламская дзяржава” зноў узялі на сябе адказнасць за крушэнне расійскага авіялайнера. У апублікаваным аўдыёзапісе яны сцвярджаюць, што да авіякатастрофы датычнае падраздзяленне ІД “Сінайская правінцыя”.

Вывучэнне аскепкаў на месцы здарэння працягваецца групамі егіпецкіх, расійскіх і еўрапейскіх следчых. Афіцыйна прычыны падзення самалёта дагэтуль не выяўленыя. Расійскія ўлады разглядаюць адразу некалькі версій.

Самалёт А321 кампаніі “Кагалымавія” разбіўся ў Егіпце 31 кастрычніка. На борце былі 224 чалавекі, усе яны загінулі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі