У Рагачове мужчына збіў хлопчыка на дзіцячай пляцоўцы
У Рагачове мужчына збіў хлопчыка на дзіцячай пляцоўцы. Як інфармуе сайт slova.by са спасылкай на прэс-службу УУС Гомельскага аблвыканкама, здарэнне адбылося ўвечары ў суботу, 8 верасня. На дзіцячай пляцоўцы ў адным з мікрараёнаў падлеткі гулялі ў футбол. Да іх падыйшоў мужчына са сваім 7-гадовым сынам і прапанаваў пагуляць у футбол разам. Яны, відаць, не пагадзіліся, бо ўзнік канфлікт. 12-гадовы хлопчык ударыў 7-гадовага. У адказ мужчына ўдарыў крыўдзіцеля свайго сына.
Пасля здарэння абодвух хлопчыкаў прывезлі ў цэнтральную раённую бальніцу. Пра тое, якія ў іх траўмы, не паведамляецца. Але, відаць, нічога сур'ёзнага. У міліцыю пра збіццё сына паведаміла маці 12-гадовага хлопчыка. Міліцыя праводзіць праверку, апытваюць сведкаў, прызначаны экспертызы. Пасля гэтага будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням мужчыны (напрыклад, могуць прызнаць, што ёсць прыкметы хуліганства).