У Сенненскім раёне знясуць школу, якую так і не дабудавалі за 16 гадоў

Бульдозер, ілюстрацыйнае фота

Бульдозер, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У аграгарадку Літусава вырашылі знесці недабудаваную базавую агульнаадукацыйную школу. Конкурс на выкананне работ абвясціў Сенненскі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, заўважылі "Народныя навіны Віцебска".

Новую школу на 120 месцаў у Літусаве пачалі будаваць яшчэ ў 2008 годзе. Мясцовыя школьнікі тады вучыліся ў дзесяці драўляных вясковыхдамах, пераабсталяваных пад класы.

Праблемы пачаліся ў 2010 годзе. Кампанія "Саната-Буд" апынулася на мяжы банкруцтва, бо з ёй не разлічыліся за працу на "Дажынках" у Оршы. Віцебскія абласныя ўлады заяўлялі. што будуць шукаць магчымасці дабудаваць школу: грошы, маўляў, вылучаныя. Тады на завяршэнне будаўніцтва школы патрабавалася больш за 12 мільярдаў недэнамінаваных рублёў.

У 2013-м БЕЛТА паведамляла, што на патрэбы адукацыі ў тым годзе намячалася вылучыць звыш 100 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Былі сярод іх і сродкі, прызначаныя на будаўніцтва ўколы ў Літусаве.

У тым жа годзе судзілі былога дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама. Сярод іншага паведамлялася, што ён даручыў падначаленым падпісаць дакументы з недакладнымі звесткамі па будаўніцтве школы ў Літусаве (Сенненскі раён) і дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра "Жамчужына".

У 2016 годзе зноў паведамлялася, што на будаўніцтва школы ў Літусаве запланавана вылучыць сродкі.

За 16 гадоў у двухпавярховым будынку паспелі пабудаваць падземны і першы паверх. На другім паверсе няма частці сцен іперагародак. Адсутнічаюць таксама дах, шыбы і дзверы.

На знос будынка плануецца выдаткаваць 395 931 рубель з бюджэту. Знесці недабудаваную школу павінны да 17 жніўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі