У Швецыі апублікавалі жахлівую гісторыю згвалтаванай пасля затрымання беларускі
У Швецыі апублікавалі жахлівую гісторыю згвалтаванай пасля затрымання ў нашай краіне беларускі. Раней беларускія чыноўнікі неаднаразова сцвярджалі, што падобных фактаў не было. Журналіст etc.se выслухаў гісторыю Хрысціны (яе імя зменена) і пабачыў медыцынскія дакументы, якія яе пацвярджаюць.
Дзяўчына была затрыманая падчас разгону сілавікамі масавых пратэстаў. Пасля гэтага яна апынулася ў нейкім пакоі, дзе яе гвалтавалі сілавікі, у тым ліку і ў вычварэнскай форме, выкарыстоўвалі і дубінкі. Шведскае выданне піша, што ёй выбілі амаль усе зубы. Далей была бальніца і тэрміновая аперацыя. Цяпер яна дома з бацькамі, не падымаецца з ложку, трымаецца на прэпаратах, якія здымаюць боль. У яе па-ранейшаму сур'ёзныя праблемы са здароўем.
Журналіст шведскага выдання паразмаўляў з гінеколагам. Паводле слоў лекара, такія траўмы, як у беларускі, звычайна сустракаюцца ў жанчын у зонах канфліктаў, дзе сексуальны гвалт выкарыстоўваецца для тэрору супраць грамадзянскіх асобаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.