У Смаргоні мужчына выразаў жонцы на ілбе нецэнзурнае слова
У Смаргоні мужчына выразаў жонцы на ілбе нецэнзурнае слова “б…”. Акрываўленая жанчына ў начной кашулі і басанож здолела вырвацца з кватэры, у якой мужчына зачыніўся і забіў сябе. Пра гэтую шакуючую гісторыю, якая адбылася раніцай 28 лютага, са слоў жыхароў раённага цэнтра піша “Наша ніва”.
Вядома, што пацярпелай 58 гадоў. Яна працуе выхавацелькай аднаго з дзіцячых садкоў. Па адной з версій, з мужам жанчына развялася, але гэта недакладна. Праваахоўнікі пакуль не даюць каментароў. Людзі кажуць, што калі міліцыянеры ўварваліся ў кватэру, цела мужчыны было ў ваннай — ён скончыў жыццё самагубствам, уткнуўшы нож сабе ў грудзі.
Як распавядаюць жыхары Смаргоні, мужчыне было каля 60 гадоў. Ён моцна хварэў і гэта ўплывала на яго адэкватнасць. У мужчыны была група інваліднасці. На жонку ён напаў з рэўнасці. Пасля таго, як мужчына выразаў раскаленым нажом нецэнзурнае слова, ён нібыта працягваў рэзаць цела жанчыны. Цяпер яна знаходзіцца ў рэанімацыі мясцовай бальніцы.