У свеце налічылі больш за 6 тысяч уцекачоў з Беларусі

У 2012 годзе ў свеце быў зафіксаваны 1 мільён 100 тысяч новых уцекачоў, гаворыцца ў штогадовай справаздачы ААН па глабальных трэндах аб перамяшчэнні. Гэта стала максімальнай лічбай, пачынаючы з 1994 года. Тады шмат людзей мянялі сваё месца жыхарства з-за войнаў у Руандзе і Югаславіі. Яшчэ 7,6 мільёна чалавек летась пераехалі ў межах адной краіны. Прыняць такое няпростае рашэнне прымушаюць канфлікты ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Малі, Сірыі і на памежжы Судана і Паўднёвага Судана.

 

“На працягу года канфлікты і пераследы вымушалі, у сярэднім, 23 тысячы асобаў у дзень пакідаць свае дамы і шукаць прытулку ў іншых месцах, у межах альбо па-за межамі сваёй краіны”, — адзначаецца ў справаздачы ААН.

 

Паводле статыстыкі, 55% усіх уцекачоў паходзяць з пяці краінаў: Афганістана, Самалі, Ірака, Судана і Сірыі. Ахвотней жа за ўсіх прымалі уцекачоў Пакістан (1,6 мільёна чалавек), Іран (868 200), Германія (589 700) і Кенія (565 000).

 

Вярхоўны камісар ААН па справах уцекачоў Антоніу Гутэрэш занепакоены сумнымі трэндамі.

 

Антоніу Гутэрэш: “Гэта, сапраўды, трывожныя лічбы. Яны адлюстроўваюць індывідуальныя пакуты ў велізарных маштабах, і яны адлюстроўваюць цяжкасці міжнароднай супольнасці ў прадухіленні канфліктаў і садзейнічанні іх своечасоваму вырашэнню”.

 

Цікава, што 48% ад колькасці ўцекачоў у свеце складаюць жанчыны і дзяўчаты, а 46% ад усіх уцекачоў — асобы да 18 гадоў. Што тычыцца Беларусі, то, паводле дадзеных ААН, у нашай краіне на канец 2012 года статус уцекача мелі 576 чалавек. Заявы яшчэ 62 чалавек разглядаюцца, а 6969 знаходзяцца пад абаронай Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па справах бежанцаў. Самі ж беларусы 6194 разы атрымоўвалі прытулак у іншых краінах. Яшчэ трэба дадаць 946 справаў, якія разглядаюцца.

 

Не так даўно Еўрарадыё размаўляла з экспертам BISS Андрэем Елісеевым, які адзначыў, што беларусы да справы атрымання прытулку падыходзяць даволі меркантыльна. Нашых суайчыннікаў цікавяць, як правіла, краіны са шчодрымі сацыяльнымі праграмамі.

 

Андрэй Елісееў:Большасць заявак на прытулак беларусы падаюць у заможныя еўрапейскія краіны, а не ў суседнія “новыя” краіны ЕС, як Польшча, Літва ці Латвія. Калі мы возьмем колькасць заяваў на прытулак, пададзеных у міграцыйныя агенцтвы скандынаўскіх краін (Швецыя, Нарвегія, Данія) і Швейцарыю, то на гэтыя 4 краіны прыйшлося больш за палову заявак, пададзеных беларусамі ў еўрапейскія краіны”.

 

Словы эксперта пацвярджае і факт, што ў “крызісны” 2011 год колькасць беларусаў, якія жадалі атрымаць прытулак у еўрапейскіх краінах, была ў паўтара разу большая ў параўнанні з 2010 годам.

 

Фота: un.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі