У Свіслацкім раёне мужчына кінуў у калодзеж запалку і ён выбухнуў (фота)
У Свіслацкім раёне мужчына кінуў ва ўласны калодзеж запалку і ён… выбухнуў. Пра гэтае незвычайнае здарэнне піша газета “Гродзенская праўда”. Паведамляецца, што жыхар вёскі Алісеевічы ў нядзелю чысціў калодзеж, паколькі на працягу некалькіх тыдняў у вады адчуваўся пах бензіну. Ён выцягнуў 20-30 вёдзер вады, а таксама пластыкавую ёмістасць, якая нагадвае бак ад бензакасілкі. Пасля гэтага ён вырашыў праверыць, ці не засталося яшчэ што ў калодзежы і кінуў запалку.
Мяркуецца, што выбух адбыўся з-за ўзгарання пароў гаручай вадкасці. Усе абставіны здарэння высвятляюць супрацоўнікі Следчага камітэта. Сайт sb.by дадае, што вяскоўца шпіталізавалі з тэрмічнымі апёкамі твару, шыі і рук I-II ступеняў (20% цела). Адзначаецца, што мужчына асвятляў запалкай калодзеж і яна выпадкова ўпала ўніз. Яго стан ацэньваюць як сярэдняй ступені цяжкасці.