У Талачыне мужчыну збілі і паклалі на рэйкі, дзе яго пераехаў цягнік
У Талачыне мужчыну збілі і паклалі на рэйкі, дзе яго пераехаў цягнік. Трагічнае здарэнне адбылося яшчэ 12 лютага. Днямі Следчы камітэт па Віцебскай вобласці завяршыў расследаванне крымінальнай справы. Яе распачалі ў адносінах 17-гадовага мясцовага жыхара (артыкулы — "рабаванне" і "забойства з мэтай утойвання іншага злачынства"). Ён распіваў спіртныя напоі разам з 44-гадовым жыхаром Магілёўскай вобласці ў будынку чыгуначнага вакзала ў Талачыне. Пасля яны пасварыліся. Хлопец збіў мужчыну, забраў грошы і ўцёк.
Пазней зламыснік вярнуўся і, каб схаваць сляды свайго злачынства, вырашыў інсцыніраваць няшчасны выпадак. Ён адцягнуў мужчыну на рэйкі і пакінуў яго там. Праз нейкі час пацярпелага пераехаў цягнік, ён загінуў. Усе дзеянні маладога чалавека зафіксавалі камеры відэаназірання, але ён сваю віну прызнае толькі часткова. Справу разгледзіць Віцебскі абласны суд, паведамляе праграма "Зона Х" на тэлеканале "Беларусь 1".