У Віцебску затрымалі чатырох фальшываманетчыкаў — з 5 долараў рабілі 50
У Віцебску праваахоўнікі затрымалі чатырох фальшываманетчыкаў, якія з 5 долараў рабілі... 50. На сапраўдную 5-доларавую банкноту зламыснікі наклейвалі папяровыя фрагменты лічбы "50" і надпісы "FIFTY DOLLARS". У снежні 2015-га — студзені 2016 года група здолела збыць 37 купюр са змененым наміналам на агульную суму 1850 долараў.
Аднак 2 студзеня на чыгуначным вакзале ў Віцебску затрымалі маладога чалавека, які хацеў у пункце абмену валют абмяняць на беларускія рублі адну такую купюру. Касірка выклікала міліцыю. Затрыманы распавёў, што атрымаў "50 долараў" ад знаёмага, як доўг, і не ведаў, што гэта фальшыўка, інфармуе БЕЛТА.
Як паведаміў Аляксей Ігнаткоў, старшы аператыўны ўпаўнаважаны 2-га аддзела ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Віцебскага аблвыканкама, затрыманы збытчык фальшывых купюр ва ўсім прызнаўся і распавёў, ад каго іх атрымаў. У выніку, за кратамі апынуліся чацвёра жыхароў Віцебска ва ўзросце 21, 26, 30 і 42 гадоў. Ім ужо выставілі абвінавачанне па ч. 1 арт 221 Крымінальнага кодэксу ("выраб ці захоўванне з мэтай збыту альбо збыт падробленай афіцыйнай грашовай адзінкі"), адзначыла Юлія Салоха, старэйшы следчы аддзела па расследаванню злачынстваў у сферы эканомікі ўпраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці.
Адзначаецца, што ўсе "віцебскія" падробкі былі выяўленыя ў банках. Праваахоўнікі прапанавалі жыхарам вобласці правесці "рэвізію" сваіх зберажэнняў у пошуку падазроных 50-доларавых купюраў.