У Вілейцы ў аўтааварыі загінуў 25-гадовы міліцыянер
Паводле папярэдніх дадзеных, віноўнік аварыі знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.
Увечары 3 лютага ў Вілейцы ў аўтааварыі загінуў 25-гадовы прапаршчык міліцыі Дзяніс Шульгач. Ён кіраваў службовым аўтамабілем ГАЗ 22171. Як паведамляе тэлеканал АНТ, паводле папярэдніх звестак, аўтааварыя здарылася па віне 22-гадовага мясцовага жыхара, які ехаў на машыне KIA Shuma. Ён ехаў па другаснай дарозе і калі выязджаў на галоўную, не пераканаўся, ці будзе гэты манеўр бяспечным. У выніку адбылося сутыкненне двух аўтамабіляў.
Міліцыянер атрымаў цяжкія траўмы і памёр. Кіроўца KIA Shuma таксама быў траўмаваны, яго шпіталізавалі ў лякарню. Паводле папярэдняй інфармацыі, на момант аварыі ён быў у стане алкагольнага ап'янення.
Распачатая крымінальная справа. Кіроўцу KIA Shuma пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Вядома, што ў загінулага міліцыянера засталіся жонка і маленькі сын.
Фота: onliner.by