У вёску ў Лельчыцкім раёне прыйшлі агрэсіўныя павукі тарантулы
У вёску Ударнае ў Лельчыцкім раёне прыйшлі павукі тарантулы. Як перадае тэлеканал АНТ, гэтых членістаногіх бачылі не толькі на вуліцы, але і ў краме, медпункце і нават у жылых дамах. Мясцовыя жыхары кажуць, што павукі пры спробе да іх наблізіцца станавіліся на лапы і нібыта паказвалі намер атакаваць.
Навукоўцы пацвярджаюць, што павукі з Ударнага — сапраўдныя тарантулы, укус якіх атрутны. Гэты від нетыповы для Беларусі, хоць часам і сустракаецца ў паўднёва-ўсходніх раёнах. Аднак з пацяпленнем клімату ён апаноўвае новыя тэрыторыі. Мяркуецца, што гэтым разам тарантулы прыйшлі ў Гомельскую вобласці разам з грузамі, якія прывезлі з паўднёвых краінаў.
Да таго ж паводзіны тарантулаў ненатуральныя: яны звычайна жывуць у лесе падалей ад людзей, бо не любяць лішніх вібрацыяў. Чаму яны прыйшлі ў вёску, навукоўцы пакуль не ведаюць.
У Беларусі тарантулаў упершыню бачылі ў 2008 годзе — іх зарэгістравалі ў поймах Прыпяці, Сожа і Дняпра. Для чалавека ўкус тарантула параўнальны з укусам шэршня.