У якіх незвычайна складаных умовах пачаўся Эканамічны форум у Давосе?

У швейцарскім Давосе стартаваў Сусветны эканамічны форум. Знакаміты гарналыжны курорт з 21 па 24 студзеня прыме каля 2,5 тысяч дэлегатаў са 140 краін свету. Сярод іх будзе некалькі дзясяткаў прэзідэнтаў і кіраўнікоў урадаў, кіраўнікоў міжнародных арганізацый і знакамітых грамадскіх дзеячаў. У сувязі з Форумам міжнародныя аналітыкі адзначаюць, што рызыка міжнароднага канфлікту цяпер непакоіць сусветную супольнасць больш, чым эканамічныя праблемы, эпідэміі ці змены клімату. Бо на дадзены момант гэта самая вялікая пагроза бізнесу, піша Reuters.

Гэты год мусіць быць вельмі няпростым. Асабліва пасля таго, як міжнародны валютны фонд спрагназаваў запаволенне глабальнага эканамічнага росту ў 2015-2016 гадах, кітайская эканоміка пачала запавольвацца, расійская знаходзіцца ў штопары, а вялікая частка еўрапейскай застаецца ў заняпадзе.

Разам з тым, праз заходнія санкцыі і падзенне цэнаў на нафту расійскі рубель страціў палову свайго кошту ў адносінах да долара, у той час як швейцарскі франк вырас больш чым на 14%.

“Рэгіянальныя ваенныя спрэчкі ў краінах былога СССР і на Блізкім Усходзе паказваюць, што вяртаецца час тэрытарыяльных канфліктаў. Асцярогі паглыбляе яшчэ і тое, што калектыўныя дамовы бяспекі, такія як NATO, страчваюць сваю актуальнасць, — мяркуе Ціна Фордхэм, глабальны палітычны аналітык, — З нізу да верху глабальная сістэма знаходзіцца пад каласальным ціскам. І ў некаторых месцах яна ўжо трэскаецца”.

Няпэўная таксама сітуацыя і ў арабскім свеце. Шмат у якіх пытаннях: ад правоў чалавека ў Саудаўскай Аравіі, Амане і Алжыры да кровапраліццяў на Блізкім Усходзе, што пераносяць гвалт на еўрапейскія вуліцы. Нават магчымы дыпламатычны прарыў па ўтаймаванні іранскай ядзернай праграмы можа стварыць большае напружанне ў рэгіёне з боку суседскіх суніцкіх мусульманскіх дзяржаў, чым сама ядзерная бомба.

Палітычная стабільнасць пакідае і Еўропу, прынамсі яе ўсход і поўдзень.

Нягледзячы на інтэнсіўны дыпламатычны ўдзел Расіі ў перамовах, яна не спыняе падтрымку сепаратыстаў на ўсходзе Украіны, выклікаючы рост санкцыяў з боку Захаду.

Reuters адзначае, што сёлета Пуцін далёка трымаецца ад форума ў Давосе, але Парашэнка будзе выкарыстоўваць форум, каб заклікаць да заходняй фінансавай і палітычнай падтрымкі сваёй краіны, што знаходзіцца на мяжы краху.

Заходнія чыноўнікі кажуць, што яны не маюць ніякай магчымасці даведацца, будзе Пуцін пашыраць зону канфлікту на іншыя былыя савецкія краіны і працягваць “павольна смажыць Кіеў на маленькім агні” ці ўсё ж паспрабуе знайсці мірнае выйсце з сітуацыі. Але чыноўнікі бачаць, што нарастанне заходніх санкцыяў прымушае кіраўніка Расіі змякчыць сваю пазіцыю.

Жан-Мары Гуено, былы кіраўнік ААН па падтрыманні міру, а цяпер кіраўнік камісіі экспертаў міжнароднай крызіснай групы, сказаў, што цяпер узнікае мноства крызісаў, што патрабуюць знешніх умяшальніцтваў. Ад чаго сусветным лідарам усё цяжэй глыбока засяроджвацца на знешніх праблемах.

“Існуе, па сутнасці, страта кантролю”, — сказаў ён Reuters.

“Злучаныя Штаты ўжо не так імкнуцца граць "добразычлівага шэрыфа", — мяркуе Гуено. — Вядома, яны застануцца дамінуючай ваеннай дзяржавай, але цяпер з’яўляюцца сур’ёзныя сумненні, а ці зможа іх сіла быць прымененая”.

Эксперт таксама сумняваецца, ці трымае Масква пад поўным кантролем паўстанцаў на ўсходзе Украіны, і выказвае меркаванне, што канфлікт можа распаўсюдзіцца і па самой Расіі.

З іншага боку, Гуено адзначыў, што аслаблі асцярогі наконт патэнцыйных сутыкненняў паміж Кітаем і Японіяй, што ўспыхнулі ў Давосе у мінулым годзе, калі прэм'ер-міністр Японіі Сіндзо Абэ правёў паралель з пачаткам Першай сусветнай вайны. Абедзве краіны, рашуча прадухілялі любыя падобныя інцыдэнты.

У той жа час у Еўрапейскім саюзе расце папулярнасць крайніх левых і крайніх правых папулісцкіх партый, што выступаюць супраць жорсткай эканоміі і патрабуюць спісання пазыкаў, пагражаючы палітычнаму кансенсусу, што меў месца з пачатку крызісу 2010 года ў еўразоне.

Так, грэчаская крайняя левая партыя Сырыза рэальна можа перамагчы на ўсеагульных выбарах у найбліжэйшую нядзелю і стаць першым такім радыкалам, што трапіць ва ўрад адной з 19 краінаў еўразоны.

Нягледзячы на сімпатыі да Сырызы на перыферыі еўразоны, траўмаванай масавым беспрацоўем, скарачэннем заработнай платы і пенсіяў, крайнія левыя наўрад ці будуць папулярнымі дзе-небудзь яшчэ ў Еўропе, адзначае Фордхэм.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі