У жодзінскай турме палітвязня Змітра Дашкевіча трымаюць у карцары
На волі палітвязня чакаюць жонка і чацвёра дзяцей / Facebook
У жодзінскай турме палітвязня Змітра Дашкевіча трымаюць у карцары. "Ён вымушаны знаходзіцца там, бо адмаўляецца ісці ў камеру да гвалтаўнікоў, куды яго заводзяць", — піша ў Facebook яго жонка Наста Дашкевіч.
"Зміцер атрымоўвае інфармацыю пра грашовыя пераводы і бандэролі, якія яму дасылаюць. Усім цёпла дзякаваў. На жаль, у карцары імі нельга скарыстацца. Але я спадзяюся, што карцар калі-небудзь скончыцца, і ён усё атрымае", — дадала яна.
Зміцер Дашкевіч за кратамі з 23 сакавіка 2022 года: спачатку быў адміністрацыйны арышт, а пасля ўзнікла крымінальная справа. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Дашкевічаў судзілі ў ліпені мінулага года. Зміцер быў асуджаны за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту на 1,5 года калоніі, Наста — на 3 гады "хатняй хіміі" (пракурор прасіў 1,5 года калоніі і для яе, маці чатырох дзяцей).
Дашкевіч цалкам адседзеў свой тэрмін і мусіў выйсці з-за кратаў 11 ліпеня, але яго не вызвалілі — распачалі новую крымінальную справу. З калоніі палітвязня перавялі ў турму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.