У ЗША Signal-гейт

Дарадца па нацбяспецы Майк Уолтц (злева) і міністр абароны Піт Хэгсет (справа)

Дарадца па нацбяспецы Майк Уолтц (злева) і міністр абароны Піт Хэгсет (справа) / Reuters

У ЗША Signal-гейт. Дарадца прэзідэнта Дональда Трампа па нацыянальнай бяспецы Майк Уолтц выпадкова дадаў журналіста ў групавы чат, дзе абмяркоўваліся ўдары па хусітах у Емене.

Спярша галоўны рэдактар The Atlantic Джэфры Голдберг падумаў, што гэта нейкі жарт. Але калі праз некалькі гадзін ЗША сапраўды пачалі бамбіць пазіцыі еменскіх хусітаў — зразумеў, што ўсё сур'ёзна.

У чаце было 18 чалавек, у тым ліку кіраўнік Пентагона Піт Хэгсет, прадстаўнік Трампа на Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф і дарадца па ўнутранай бяспецы Стывен Мілер. Хэгсет адпраўляў туды даныя пра дакладныя месцы ўдараў і тыпы ўзбраенняў, якія плануецца выкарыстаць. Уолтц і Мілер абмяркоўвалі, ці можна перакласці на еўрапейцаў выдаткі ЗША на аперацыю, бо тыя "атрымаюць выгаду" ад аднаўлення суднаходства ў Чырвоным моры.

Піт Хэгсет ужо паспеў заявіць, што "ніхто не адпраўляў тэкставыя паведамленні пра вайсковыя планы". Ён назваў Голдберга "ілжывым і дыскрэдытаваным так званым журналістам, які робіць кар'еру на тым, каб зноў і зноў распаўсюджваць падман".

Згаданая скандальная гісторыя выклікала ў Вашынгтоне ўраган каментароў, абвінавачванняў і апраўданняў, адзначае "Бі-Бі-Сі". Апаненты адміністрацыі Трампа і эксперты кажуць пра "абуральнае парушэнне правілаў бяспекі". Яе прыхільнікі адказваюць, што затое ўсе ўбачылі, як працуе новае кіраўніцтва.

У ЗША Signal-гейт

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.