Удзельнікаў акцыі памяці Ігара Пцічкіна будуць судзіць
Позву ў суд уручылі ў тым ліку сваякам загінулага хлопца — маці і цяжарнай сястры.
Нагадаем, што акцыя памяці мела адбыцца 14 верасня ў суботу ўдзень ля турмы на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Сваякі Ігара Пцічкіна заклікалі ўсіх неабыякавых людзей прыйсці да будынку СІЗА і ўскласці ля яго кветкі. Міліцыя затрымала каля 10 чалавек яшчэ на падыходах да месца акцыі, сярод затрыманых апынуліся і журналісты — карэспандэнт Радыё Свабода Алег Груздзіловіч і карэспандэнткі “Нашай Нівы” Ганна Бадзяка і Ірына Арахоўская. Таксама ў пастарунак трапіў лідар праваабарончай арганізацыі “Платформа” Андрэй Бандарэнка.
На сваякоў і сяброў Ігара Пцічкіна склалі пратаколы і ўручылі позвы ў суд на 16 верасня. Усіх затрыманых, у тым ліку журналістаў, адпусцілі, інфармуе Радыё Свабода.
Мінчуку Ігару Пцічкіну быў 21 год. Яго пакаралі 3 месяцамі арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. Для адбыцця пакарання Ігара Пцічкіна змясцілі ў мінскі следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага 30 ліпеня, а ўжо 4 жніўня вязень памёр.
Сваякі Ігара Пцічкіна не паверылі ў версію пра раптоўную смерць у выніку спынення сэрца. Яны казалі пра падазроныя плямы на целе нябожчыка.
На сустрэчы з начальнікам СІЗА сваякам Ігара Пцічкіна паведамілі, што 3 жніўня ў яго нібыта пачалося “псіхаматорнае ўзбуджэнне”, з-за чаго яго мусілі “зафіксаваць мяккімі рамянямі”.