Удзельнікаў студэнцкага маршу не дапускаюць да сесіі
Студэнта БДУ Глеба Вайкуля могуць адлічыць. З трэцяй спробы яму не паставілі залік па псіхалогіі літаратурнай творчасці. Глеб — удзельнік маршу студэнтаў, вулічнай акцыі, якая адбылася 2-га снежня і сабрала некалькі соцень удзельнікаў.
Гэты пратэст пачаўся з незадаволенасці платнымі пераздачамі і вырас у вулічную акцыю з патрабаваннем удзелу ў кіраванні ўніверсітэтам.
Залік Глебу Вайкулю не пагадзілася ставіць выкладчыца, прафесар Таццяна Шамякіна.
Глеб Вайкуль: "Ні ў якую не жадала ставіць мне залік. І абяцала, што я магу пераздаць камісію. Але гэта апошняя інстанцыя, пасля яе — адлічэнне. Я падкупіўся яе аўтарытэтам і выйшаў са спадзяваннямі, што ў мяне будзе магчымасць. А пасля ўнізе ўбачыў сябе ў лісце на адлічэнне. А цяпер я не магу да яе дазваніцца".
Апошняя надзея Глеба — што ў дэканаце ўсё ж дазволяць пераздаць камісію. Праблемы з адлічэннем ён звязвае з ціскам адміністрацыі на студэнтаў, удзельнікаў маршу. Сярэдні бал за мінулую сесію ў яго 5,7. Раней меў некалькі пераздач, але здаваў, не даходзячы да камісіі.
У адміністрацыі БДУ пакуль не пацвярджаюць адлічэнне: няма афіцыйнага загада.
"Ніякія загады пакуль не падпісваліся. І афіцыйнай інфармацыі пра яго адлічэнне факультэт не даваў", — кажуць у адміністрацыі БДУ.
На філалагічным факультэце, дзе навучаецца Глеб, адмаўляюцца даваць інфармацыю журналістам. Але асабіста Глебу Вайкулю ўжо паведамілі: пераздаць камісію нельга.
Як вучацца студэнты, якія прыйшлі на марш
Бал залікоўкі за апошнюю сесію ад 5,7 да 9.
Некалькі студэнтаў ужо адчулі на сябе праблемы праз марш студэнтаў ці ўдзел ў інтэрнэт-суполцы "студэнты супраць". Апроч Глеба Вайкуля, па інфармацыі Еўрарадыё, дваіх не дапусцілі да сесіі. Пра адлічэнне аднаго студэнта паведамляюць праваабаронцы.
"Мы ведаем пра трох студэнтаў. Аднаго з іх ужо выключылі, другога не дапускаюць да сесіі. І гэты выключаны студэнт нават не быў удзельнікам маршу. Ён быў на факультэце падчас маршу", — паведамляе Аляксандра Кузьміч, сябра цэнтра развіцця студэнцкіх ініцыятыў.
Пакуль адлічаны не хоча называць сваё імя. А праваабаронцы праводзяць маніторынг ціску на студэнтаў.
Раней тром удзельнікам маршу студэнтаў прысудзілі адміністрацыйныя спагнанні. Глебу Вайкулю — 3,2 мільёна, Паўлу Сяргею — 4,5 мільёна і Максіму Вінярскаму — амаль 15 мільёнаў.
Фота: Еўрарадыё