Улада будзе дапамагаць з жыллём шматдзетным і людзям у пагонах — Лукашэнка
Дапамагаць з фінансаваннем будаўніцтва жылля ўлада будзе шматдзетным сем'ям і людзям у пагонах / mvd.gov.by
Улада гатовая дапамагаць з жыллём шматдзетным сем'ям і людзям у пагонах, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з чыноўнікамі, якія адказваюць за развіццё будаўнічай галіны. З дакладам у яго сёння былі намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Сівак і міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч, паведамляе БЕЛТА.
Размова зайшла пра будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай. Па словах Лукашэнкі, "у любой краіне заўсёды дэфіцыт грашовых сродкаў", таму ён пазначыў для чыноўнікаў прыярытэтныя катэгорыі, якім дзяржава і далей будзе дапамагаць у фінансаванні будаўніцтва жылля.
"Гэта шматдзетныя сем'і, людзі ў пагонах, таму што яны не могуць зарабіць больш, чым мы ім плацім", — сказаў Лукашэнка. Лекары і настаўнікі, а таксама іншыя бюджэтнікі, відавочна, могуць зарабіць больш. Але дзе менавіта, кіраўнік дзяржавы не ўдакладніў.
Ён застаўся незадаволены станам справаў у галіне. За студзень-лістапад 2021 года тэмп росту аб'ёмаў будаўніча-мантажных работ склаў менш за 90%, экспарту паслуг — каля 97%, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў — крыху больш за 100%. "Я не кажу, што вы рухнулі (не хапала яшчэ), але ёсць праблемы", — сказаў Лукашэнка і папрасіў растлумачыць, у чым прычыны.
Па словах Пархамовіча, прынамсі па жыллёвым будаўніцтве па выніках года ўсе паказчыкі будуць выкананыя. Агульны ўвод жылля складзе 4,3 млн кв.м пры даведзеных паказчыках у 4 млн кв.м. "Гэта 108% ад даведзенага задання і 104% да ўзроўню мінулага года", — сказаў міністр.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.