Урад вымушана пашырыў спіс выключэнняў з харчовага эмбарга
Урад Беларусі вымушана пашырыў спіс выключэнняў з харчовага эмбарга. Апублікаваная пастанова № 245, якая пачне дзейнічаць з 27 красавіка. Між іншым, у ёй згадваюцца арэхі, яблыкі, грушы, баклажаны, кабачкі і "гародніна іншая". Усё гэта зноў можна будзе ўвозіць у нашу краіну.
"Контрсанкцыі" былі аб'яўлены ўрадам РБ у канцы мінулага года і пачалі дзейнічаць з 1 студзеня 2022-га, як адказ на заходнія санкцыі. Былі вызначаны катэгорыі тавараў, якія забаранілі ўвозіць і прадаваць у нашай краіне. У "чорны спіс" трапіла прадукцыя з краін Еўрасаюза, ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Албаніі, Ісландыі, Нарвегіі, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі і Швейцарыі. У ЕС "беларускі адказ" ацанілі як складаны і "непразрысты механізм".
Пад "контрсанкцыі" трапіла мяса, каўбасы, малочная прадукцыя, садавіна і гародніна, арэхі, кандытарскія вырабы, тлушч, соль. Аднак яшчэ зімой пачалі з'яўляцца "выключэнні". Першай сярод іх была соль.
Як бачым, кожнай такой пастановай урад Беларусі пацвярджае, што заходнія санкцыі дзейнічаюць, а адказаць на іх практычна няма чым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.