Урад забараніў увозіць у Беларусь піва з Чэхіі

Харчовыя "контрсанкцыі" РБ дзейнічаюць трэці год

Харчовыя "контрсанкцыі" РБ дзейнічаюць трэці год / pixabay.com

Урад Беларусі дапоўніў пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі нашай краіны. Адпаведныя змены ўнесены ў пастанову № 700 ад 6 снежня 2021-га.

У "чорны спіс" уключылі асобныя тавары з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі. Сярод іх — піва, сродкі для догляду за скурай, для валасоў і галення, дэзадаранты, мыла, мужчынскае тэкстыльнае адзенне, абутак з верхам з натуральнай скуры, пасцельныя прыналежнасці, сталовы посуд, лакі, фарбы і г. д. Таксама забараняюцца ўвоз і рэалізацыя вады, уключаючы мінеральную і газаваную, "з недружалюбных краін".

Урадавая прэс-служба адзначае, што "пастанова распрацавана ў якасці меры ў адказ на прынятыя рашэнні Латвіяй аб забароне імпарту з Беларусі харчовай прадукцыі па асобных пазіцыях, Літвой аб забароне на адзін год увозу сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў з Беларусі". Яна лічыцца адказам і на падрыхтаваны рэгламент Савета ЕС, асноўнымі ініцыятарамі якога выступілі пяць краін — Латвія, Літва, Польшча, Чэхія і Эстонія. Ён устанаўлівае павышаныя пошліны на імпарт беларускай сельгаспрадукцыі.

Харчовыя "контрсанкцыі" Беларусі дзейнічаюць з 1 студзеня 2022-га (яны перыядычна падаўжаюцца). Іх называлі адказам на санкцыі Захаду. У "чорны спіс" трапіла прадукцыя з краін ЕС, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі і шэрагу іншых. Летась пад санкцыі трапіла польскае і літоўскае піва. 

Аднак пазбегнуць дэфіцыту не ўдалося. Не ўсе імпартныя прадукты атрымліваецца паспяхова замяніць айчыннымі. У выніку ўрад Беларусі "вымушана" стварыў спіс выключэнняў з харчовага эмбарга і пашырае яго. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі