Уяўляеце свет без турмы? Мы паспрабавалі — вось што выйшла

"Адмяніць" турму?

"Адмяніць" турму? / Euroradio

Уявіце свет без турмы.

Яшчэ раз.

Пераходзьце да наступнага абзаца.

Не атрымалася не толькі ў вас. Не атрымалася і ў пісьменнікаў, філосафаў, архітэктараў, з якімі мы гутарылі цягам месяца. Кожны з іх па-рознаму апісвае змены, якія трэба зрабіць у турмах — але ніхто не можа ўявіць свет без турмы.

У грамадстве заўсёды будуць існаваць групы людзей, якія не прымаюць правілы, паводле якіх жыве гэтае грамадства, і якія імкнуцца яго разбурыць, — кажа метадолаг Андрэй Ягораў.

У 2020 годзе турму ўбачылі людзі, якія ніколі не павінны былі яе ўбачыць. Цяпер у беларускіх турмах сядзяць нашы сябры, і мы хочам змяніць пенітэнцыярную сістэму дзеля іх. Але ці будзем мы гатовыя рэфармаваць турмы, калі ў іх апынуцца нашы ворагі?

 

Не хапае эмпатыя можа хапіць эгаізму

На нарах было выразана: "ПК-1 — гэта дупа". Гэты надпіс палітвязень Аляксандр Кабанаў убачыў падчас этапавання праз Столін. І ён быў адзінай крыніцай інфармацыі пра наваполацкую калонію.

Былі яшчэ ўскосныя звесткі: ніхто з камеры СІЗА не хацеў трапіць на "адзінку". Часам Кабанаву здавалася, што нават адміністрацыя іншых калоній не ведае, што адбываецца ў Наваполацку. Калі яго перавялі ў магілёўскую турму, наглядчыкі пыталіся: а праўда, што ПК-1 — гэта д..? І калі Кабанаў задаваў гэтае ж пытанне іншым зняволеным, ніхто не адказваў наўпрост. Усе казалі: прыедзеш — даведаешся.

Кабанаў убачыў сваю першую ў жыцці турму ў 2020 годзе. Архітэктар Антоніа Сарэнціна, які займаецца праблемай рэдызайну італьянскіх турмаў, — у 2022-м.

Калі я паглядзеў відэа, знятае ў турме, калі ўбачыў умовы, у якіх жывуць людзі, я быў у шоку. Я не мог уявіць, што ў краіне, якую называюць развітай, у краіне, дзе забароненае смяротнае пакаранне, умовы могуць быць... такімі.

Паміж турмамі Італіі і Беларусі — прорва, але Кабанаў і Сарэнціна выкарыстоўваюць адны і тыя ж словы, каб апісаць пенітэнцыярную сістэму ў сваіх краінах. Мэта турмы ў Беларусі і Італіі — пакаранне і адплата.

Надпіс на нарах не падмануў, ПК-1 — гэта д... Магілёўская турма №4, куды перавялі Кабанава, — таксама, але затое ў турме, у адрозненне ад калоніі, няма праблем з бібліятэкай.

Кожны дзень адкрываецца кармушка, і ты можаш сказаць: Іосіфавіч, прынясі, калі ласка, кнігі. Іосіфавіч адкажа: Кабанаў, ты мяне дастаў, ты чаму так хутка чытаеш? І прынясе кнігі.

У турэмнай бібліятэцы знайшлася літаратура пра тое, як пенітэнцыярныя сістэмы ў іншых краінах спрабавалі пераўтварыць сябе з карных установаў у папраўчыя. У кнігах гаварылася, што турма павінна даць чалавеку магчымасць атрымаць адукацыю і прафесію. Не дзеля самога зняволенага, а дзеля грамадства, у якое ён вернецца.

У гэтых кнігах зразумела аргументуецца: калі чалавек, выйшаўшы з турмы, зможа забяспечыць сябе і сям'ю, колькасць рэцыдываў знізіцца, — расказвае Кабанаў. — У Нарвегіі, дзе ў месцах пазбаўлення волі створаная сучасная вытворчасць, дзе ў чалавеку не забіваюць асобу, толькі 14-15% былых зняволеных здзяйсняюць паўторныя злачынствы. Для параўнання: у ЗША — каля 70% рэцыдываў. Але многія думаюць, што злачынец павінен пакутаваць. Маўляў, раз ён здзейсніў злачынства, чаму мы павінны яго карміць, паіць і ўтрымліваць? Так што трэба пачаць з працы з грамадствам. І растлумачыць, што гэта няправільнае стаўленне да чалавека.

Скандынавы ўжо пабудавалі гуманныя турмы, нават навялі ў іх "хюге". Там няма рашотак на вокнах, і ахоўнікаў таксама няма. Гэта паселішча, больш падобнае на камуну, чым на калонію. І ў гэтым паселішчы людзі разам працуюць над тым, каб больш не здзяйсняць злачынстваў. Калі перад грамадствам стаіць задача "выправіць" злачынца, то такая турма з ёй спраўляецца. Але калі грамадства хоча адплаты?

Представляете мир без тюрьмы? Мы попытались — вот что вышло
Турма не для таго, каб у ёй пакутаваць / Euroradio

Расійскі пісьменнік Мікалай У. Конанаў цяпер жыве ў Берліне. І кажа, што многія грамадзяне не заўсёды задаволеныя камфортнымі ўмовамі ў сваіх турмах.

— Часцяком турмы настолькі камфортныя, што чалавек можа вырашыць: ну, абрабую, выдатна правяду пару гадоў. Чаму не? Сядзіш адзін, ніхто цябе не кранае. Потым паўгадзіны гуляеш у шахматы ў агульным памяшканні. І кормяць смачна, яшчэ і лечаць за дзяржаўны кошт, што немалаважна ў Германіі. Многія грамадзяне не заўсёды ад гэтага ў захапленні.

Мы запыталіся ў беларусаў Варшавы, ці гатовыя яны знішчыць турмы?

Мы, вядома, хочам выпусціць з турмаў палітвязняў. Але ці так мы хочам выдаткоўваць рэсурсы на паляпшэнне ўмоваў утрымання для звычайных злачынцаў? А ці захочам мы выдаткоўвацца на турмы, калі ў іх трапяць людзі, якія ўчынілі злачынствы супраць чалавечнасці?

Вы здзівіцеся, але мэты крымінальнай адказнасці прапісаныя ў артыкуле 44 Крымінальнага кодэкса — і адплаты сярод іх няма:

Крымінальная адказнасць мае на мэце выпраўленне асобы, якая ўчыніла злачынства, і папярэджанне здзяйснення новых злачынстваў як асуджаным, так і іншымі асобамі.

Крымінальная адказнасць закліканая спрыяць аднаўленню сацыяльнай справядлівасці. Асуджэнне асобы, якая ўчыніла злачынства, з'яўляецца падставай для спагнання з яе як маёмаснай шкоды, даходу, атрыманага злачынным шляхам, так і матэрыяльнага пакрыцця маральнай шкоды.

Мабыць, адміністрацыя калоніі і турмы, у якіх сядзеў Кабанаў, не дабралася да турэмнай бібліятэкі. У беларускай ПК-1 можна вывучыцца толькі на муляра або зваршчыка. Зняволеныя не асабліва вераць, што такая адукацыя зможа іх пракарміць у новым жыцці, але магчымасць атрымаць нават яе трэба выпрасіць. Каму дазволіць вучыцца, а каму — не, вырашае адміністрацыя. Бо калі ты вучышся — значыць, цябе трэба зняць з прамзоны. Паводле мерак адміністрацыі — раскоша.

А адміністрацыя — гэта ў асноўным неадэкватныя людзі, якія гавораць на мове блатных і паводзяць сябе гэтак жа, — успамінае Кабанаў.

І паколькі ніякіх навыкаў, якія можна было б выкарыстоўваць на волі, зняволеныя не атрымліваюць, яны яшчэ да вызвалення думаюць пра тое, як выкарыстоўваць тыя навыкі, якія ў іх ужо ёсць.

Многія, яшчэ не вызваліўшыся, ужо збіваюць будучыя злачынныя групоўкі. У мяне на вачах хлопцы, якія займаліся "закладкамі", абмяркоўвалі, чаму трапіліся — і як зрабіць так, каб больш не трапляцца. Яны разумеюць, што такіх грошай ім больш нідзе не зарабіць. А ніякіх альтэрнатыў у папраўчай калоніі ім не прапануюць, бо папраўчая калонія ў Беларусі не выпраўляе, — расказвае Кабанаў. — Разлік такі: ад новага злачынства чалавека павінен утрымліваць толькі страх перад вяртаннем у калонію.

Калі ў грамадства не хапае эмпатыі, каб змяніць умовы жыцця людзей у турмах, хай грамадства пашукае ў сабе эгаізм, прапануе італьянскі архітэктар Антоніа Сарэнціна.

Калі мэта турмы — пакараць за злачынства, то гэтая турма не мае каштоўнасці для грамадства. Нам трэба перастаць успрымаць турму як інстытут пакарання і адплаты, а падумаць пра яе як пра месца, дзе людзі праходзяць рэабілітацыю. Трэба зразумець: зняволеныя не застануцца ў турме назаўжды. Аднойчы яны выйдуць, і часта, вяртаючыся з сучасных турмаў у грамадства, гэтыя людзі выяўляюць большую агрэсію, чым да таго, як трапілі ў турму.

Таму думайце эгаістычна: змяняючы турмы, мы змяняем і ўласнае жыццё. Па-першае, бо ў турму не заўсёды трапляюць "дрэнныя людзі" — туды трапляюць і добрыя людзі, як вынікае з беларускага досведу. Па-другое, бо турма ў цяперашнім выглядзе толькі пагаршае ментальныя праблемы.

Калі ў зняволеных будзе магчымасць перастварыць сябе ў турме, змяніць у тым ліку эканамічны бок свайго жыцця, грамадства выйграе ад гэтага. Бо многія здзейснілі першае злачынства не таму, што хацелі парушыць закон, а таму, што эканамічныя ўмовы прымусілі іх да гэтага. Я не апраўдваю злачынцаў, я проста прапаную падумаць пра гэта. Як змяніць канцэпцыю турмы.

Мы папрасілі Антоніа Сарэнціна апісаць турму, якую ён хацеў бы пабудаваць. І ён пачаў з выбару месца. Не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах Еўропы турмы вынесеныя за межы горада. Сарэнціна прапануе будаваць "як у Рымскай імперыі": турма павінна быць у цэнтры. Бо менавіта з "нябачнасці" пачынаецца ізаляцыя.

У беларускіх турмах гэтая ізаляцыя даведзеная да мяжы — рэжым інкамунікада. У дзень, калі мы публікуем гэты тэкст, палітвязень Мікалай Статкевіч не выходзіць на сувязь з сям'ёй 540 дзён. Але і ў "цывілізаваных" турмах зняволеныя жывуць у ізаляцыі і трацяць кантакты і з сям'ёй, і з грамадствам.

А турма павінна ўключаць адносіны: з людзьмі ўнутры турмы (персаналам, іншымі зняволенымі), з людзьмі звонку. Турма павінна будаваць мост паміж грамадствам, горадам і зняволенымі.

А з гледзішча архітэктуры турма павінна нагадваць хутчэй гатэль або рэабілітацыйны цэнтр, а не птушыную клетку. Бо прастора можа наймацнейшым чынам уплываць на нас. Напрыклад, адзін з негатыўных эфектаў сучаснага дызайну турмаў — місафонія. Яна выкліканая дрэннымі акустычнымі ўласцівасцямі матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ў дызайне. Гэта ўзмацняе ў зняволеных агрэсію і пачуццё дэзарыентацыі.

Калі ў грамадства ёсць свабодныя грошы, ёсць сэнс выдаткаваць іх на рэдызайн турмаў. Але некаторыя элементы можна змяніць і без вялікіх укладанняў. Святло, матэрыялы ўнутранага аздаблення, арганізацыю прасторы — гэта значна палепшыць побыт зняволеных.

Наша стаўленне да пакарання ўсё ж мяняецца, і сучасная турма — прадукт новага часу і эпохі мадэрна. Раней былі не калоніі, а катаргі, адзіночныя заключэнні, а яшчэ смяротнае пакаранне. Толькі нядаўна чалавечае цела перастала быць галоўнай мішэнню пенітэнцыярнай сістэмы.

Але з турэмнай сістэмай, якая была пабудаваная ў ХХ стагоддзі, немагчыма нічога зрабіць "па-хуткаму". Яна зручная дзяржаўнай уладзе і ператварылася ў бізнэс, як у ЗША, або ў ценявы бізнэс, як у Расіі, — кажа Конанаў. — Але што будзе з турмой праз сто гадоў? Думаю, новым пакараннем можа зрабіцца выключанасць. Гаворка не пра адчужэнне людзей ад супольнасці або адно ад аднаго, не пра тое, каб зрабіць злачынца ізгоем. Гаворка, хутчэй, пра астракізм у класічным сэнсе гэтага слова. Той астракізм, калі цябе выводзяць за рамкі сходу, пазбаўляюць права ўплываць на працэсы — але не кідаюць у вязніцу.

Так, як у Афінах. Там "аддаць астракізму" азначала выказаць недавер некаму з гараджанаў і пазбавіць яго права ўдзельнічаць у сходах, займацца гарадскімі пытаннямі. Чалавек працягваў жыць у горадзе, але быў выключаны з прыняцця рашэнняў — і ад гэтага факту яму было дрэнна. Мне здаецца, што ў жаданай будучыні ўсё павінна зноў прыйсці да гэтага.


Скасаваць — не значыць спаліць

Прыкладна так ужо цяпер жывуць анархісты. Яны не тэлефануюць у паліцыю. Калі ў кам'юніці ўзнікае канфлікт, супольнасць імкнецца запусціць працэс аднаўлення гармоніі і даверу, бо парушэнне агульнапрынятых правілаў закране ўсіх. Калі анархісты вырашаюць, што больш не могуць жыць у адным грамадстве з чалавекам, яны просяць яго адысці.

Некалькі гадоў таму яшчэ ў Беларусі Лера Хоціна чытала лекцыі пра лібертарнае правасуддзе — і пра тое, як пазбавіцца ад інстытута турмы. Пра кактэйлі Молатава на тых лекцыях не казалі — разбурыць турму складаней.

Турма — гэта прадукт пэўных сацыяльных стасункаў. І пазбавіцца ад яе можна толькі ў корані памяняўшы адносіны паміж людзьмі. Як з'явілася турма? Лічыцца агульнапрынятым, што ёсць закон — і ёсць людзі, якія парушаюць закон. Але хто вырашае, каго назваць злачынцам? Ці можа звычайны чалавек паўплываць на заканатворчасць? Або закон нам спускаюць зверху і кажуць: мы прынялі такое рашэнне, цяпер вы ці выконваеце наш закон — ці робіцеся злачынцамі.

Представляете мир без тюрьмы? Мы попытались — вот что вышло
Дзяржава кажа: або выконваеце наш закон, або рабіцеся злачынцам / Euroradio

У школе мы аналізавалі, што дзяржава называе злачынствамі. Зірнуўшы на Крымінальны кодэкс любой краіны, вы ўбачыце, што ў ім дзве траціны — гэта эканамічныя злачынствы. І яшчэ адна вялікая частка артыкулаў Крымінальных кодэксаў накіраваная на абарону самой дзяржавы.

Так, вядома, частка артыкулаў накіраваная на абарону грамадзянаў ад гвалту, ад сексуальнага гвалту — але калі паглядзець на статыстыку, то выявіцца, што гэтыя злачынствы складаюць каля 10% ад агульнай колькасці дзеянняў, за якія караюць.

Статыстыка МУС:
У Беларусі колькасць цяжкіх гвалтоўных злачынстваў складае каля 5% ад усіх учыненых правапарушэнняў.

Гэта значыць, большасць злачынстваў вынік няроўнасці, якая выяўляецца ў тым, што людзі хочуць красці адно ў аднаго, атрымліваць пэўны статус, хочуць ісці па галовах адно аднаго. Спрыяе гэтаму ў нашым разуменні не толькі сама дзяржава, але і капіталізм.

І тады мы задаемся яшчэ адным пытаннем: як змяніць нашы адносіны так, каб людзі не хацелі красці адно ў аднаго, каб людзі не хацелі паляпшаць сваё становішча за кошт іншых? Наш адказ — адносіны павінны прадугледжваць больш калектыўнасці і ўзаемазалежнасці.

Лера ўпэўненая, што грамадства, у якім сістэма стасункаў выбудаваная такім чынам, што турма яму не патрэбная, — не ўтопія. Лера таксама ўпэўненая, што не заспее часу, калі грамадства цалкам трансфармуецца. Бо ведае, што тэорыю анархізму складана рэалізаваць на практыцы.

Некалькі гадоў таму ўдзельнік антыфашысцкага руху, беларус Д., пераехаў у Варшаву і пасяліўся ў анархісцкім сквоце "Сірэна" — але не знайшоў агульнай мовы з іншымі жыхарамі сквоту. Сквот "Сірэна" быў палітычнай пляцоўкай, а не проста "свабоднай пакоем" — але гэтай часткай яго жыцця Д. слаба цікавіўся і не спрабаваў глыбока разабрацца ў палітычных пытаннях сужыцця. Калі канфлікт з калектывам сквоту зрабіўся больш сур'ёзным, у руках Д. з'явіўся нож.

Калектыў сквоту пачаў шмат спробаў медыяцыі, каб наладзіць кантакт з Д., — успамінае Лера. — Яны спрабавалі дамовіцца, спрабавалі растлумачыць, што гэта не акей — пагражаць суседзям нажом. Што не акей, калі людзі баяцца сутыкацца з табой у калідорах. Але Д. адмаўляўся ісці на кантакт і не хацеў удзельнічаць у медыяцыях. Чалавек проста паразітаваў на жыллёвым праекце сквоту.

У анархісцкага калектыву ёсць правілы. І ў правілах у тым ліку агаворваецца, як адбываецца прыняцце ў калектыў — і выключэнне з яго.

Калі ў руках Д. з'явіўся нож, калектыў сквоту не звяртаўся ў паліцыю. У якасці апошняй меры анархісты вырашылі выключыць беларуса з праекта. І калектыў пастанавіў: чальцы супольнасці больш не адчуваюць сябе ў бяспецы ў прысутнасці Д. і хочуць яго выселіць.

Беларусу далі месяц на тое, каб ён знайшоў сабе новае месца жыхарства. Яму гатовыя былі дапамагчы з пошукам жылля, з грашыма — але заставацца ў сквоце ён не мог. Д. таксама прапанавалі паўдзельнічаць у аднаўленчым працэсе пасля высялення, і калі б ён завяршыўся паспяхова, яму дазволілі б вярнуцца ў калектыў.

Спроба высялення, такім чынам, была не пакараннем, а неабходнасцю забяспечыць бяспеку іншым удзельнікам, — тлумачыць Лера.

Калі анархісты кажуць, што хочуць разбурыць турму, гэта значыць, што яны хочуць пабудаваць такое грамадства, якому турма не спатрэбіцца.

Бо што такое турма? Вынік сацыяльных адносін, — тлумачыць нам Лера. — Дакладней, гэта канец сацыяльнага кантракту, калі людзі аказваюцца выключаныя з сацыяльных адносінаў. Мы хочам працаваць не толькі з гэтым канчатковым вынікам. Мы хочам працаваць з адносінамі.

Анархісты лічаць: калі як мага больш людзей уключыць у працэс прыняцця рашэнняў, якія наўпрост уплываюць на іх жыццё, калі людзі будуць больш актыўна ўзаемадзейнічаць адно з адным на нізавым узроўні, то яны пачнуць больш паважаць адно аднаго. Калі яны будуць сустракацца на сходах, калі будуць удзельнічаць у жыцці адно аднаго, яны перастануць красці адно ў аднаго ровары і хапацца за нож у канфліктнай сітуацыі.

Мы распаўсюджваем анархісцкія практыкі не толькі каб разбурыць турму. Мы прасоўваем практыкі калектыўнага дзеяння на самым нізавым узроўні, практыкі салідарнасці, роўнасці, плюралізму. А гэта, мы лічым, зробіцца спосабам вырашыць таксама і іншыя праблемы, якія ёсць у грамадстве.

 

І турма проста не спатрэбіцца

Чым скончылася гісторыя з Д.? Ён сабраў некалькі дзясяткаў прыхільнікаў у суседнім сквоце — і пайшоў на "Сірэну". Цяпер у яго і яго прыхільнікаў быў не толькі нож — былі бутэлькі, камяні і петарды. Частка калектыву вымушаная была бегчы. З тых часоў яны не вярталіся ў сквот "Сірэна", а сам сквот перастаў існаваць як палітычная пляцоўка.

Так, для нас гэта быў выклік. Тэорыі рашэння такога тыпу канфліктаў прапісаныя, але яны прадугледжваюць, што другі бок павінен быць гатовы ісці насустрач і ўдзельнічаць у працэсах. Гэта значыць, прыходзіць на сустрэчы, выказваць, што ў яго на душы, — і выслухоўваць, што думае калектыў.

Мы не спрабуем прызначыць аднаго злачынца. Мы разумеем, што калі Д. адчуваў сябе настолькі выключаным з палітычнага жыцця праекта, то гэта ў тым ліку і праблема калектыву. Гэта азначае, што калі не зменіцца абстаноўка ўнутры калектыву, то высяленне Д. мала што выправіць — будуць іншыя Д., якія будуць рабіць абы-што. Для нас гэта ўрок пра тое, як выходзіць з канфліктаў. І так, мы прызнаем, што рух сутыкнуўся з выклікам. Што гэта пытанне да нас: чаму мы прымаем у свой калектыў людзей, чые погляды не карэлююць з нашымі.

Д. нейкі час яшчэ жыў у сквоце "Сірэна". Асноўная частка калектыву сквоту пляцоўку пакінула.

У гэты момант дзесьці ўздыхнулі тысячы беларускіх эмігрантаў, якія таксама не змаглі справіцца з "чалавекам з нажом" і з'ехалі з Беларусі. Не, вядома, мы не параўноўваем захоп сквоту з захопам краіны, але бачым пэўнае падабенства ў мадэлі паводзінаў. Толькі што далей? Цэлая нацыя наўрад ці зможа сабе дазволіць проста "заскватаваць" новы кавалак зямлі.

(Не тое каб не спрабавалі — на пляцоўцы "Новая Беларусь" нават пітчылі ідэю купіць кавалачак зямлі ў палякаў і там адбудаваць краіну нанова, але аказалася, што гэта трошкі парушае нормы міжнароднага права.)

Канчатковым этапам пераходнага перыяду, пераходнай справядлівасці, калі ахвяры вяртаюць свае правы, з'яўляецца прымірэнне грамадства, — кажа Андрэй Ягораў. — Гэта галоўнае, чаго трэба дасягнуць, каб грамадства ўстойліва існавала. І прымірэнне, якое зробіць магчымым суіснаванне ў адным грамадстве, — задача для ўсіх беларусаў. Мы не зможам проста ізаляваць частку людзей і пабудаваць для іх асобныя гарады-турмы — нам трэба жыць у адной краіне.


"Цябе могуць проста заблакаваць": сацыяльны рэйтынг як альтэрнатыва турме?

Калі інстытут рэпутацыі "алічбаваць" і даць ключы ад яго дзяржаве, атрымаецца сістэма сацыяльнага рэйтынгу. Калі ў цябе нізкі сацыяльны рэйтынг, ты не знойдзеш працу, не купіш жыллё ў нармальным раёне — ты нават з горада не зможаш выехаць. Ці патрэбная пры такой сістэме яшчэ і фізічная турма?

Беларуска Лізавета жыве ў Кітаі і расказвае нам, што тутэйшая сістэма сацыяльнага рэйтынгу сапраўды ўтрымлівае больш-менш законапаслухмяных грамадзянаў ад адміністрацыйных парушэнняў. Але ці можа яна цалкам замяніць турмы? Як наогул працуе гэтая сістэма?

Вы ўяўляеце сацыяльны рэйтынг як адзіную сістэму. І гэтым усё спрашчаеце. Маўляў, вось ёсць у чалавека асабістая справа, а там рэйтынг. Нічога такога. Я апытала 10 кітайцаў, у тым ліку журналістаў. Яны не ўяўляюць, які іх асабісты рэйтынг. Бо гэта паняцце зборнае, — тлумачыць Лізавета.

Галоўны складнік "сацыяльнага рэйтынгу" — criminal records. Незаконная дзейнасць, парушэнне правілаў дарожнага руху, нявыплата даўгоў. Калі цябе за нешта судзяць, гэта дакладна паўплывае не толькі на тваё далейшае жыццё, але і на жыццё тваіх дзяцей.

Напрыклад, майго знаёмага пазбавілі правоў за кіраванне ў нецвярозым выглядзе. За паўторнае парушэнне могуць пазбавіць правоў кіроўцы пажыццёва, і машыну ў арэнду не возьмеш. У будучыні яго дачка не зможа ўладкавацца на працу ў Народна-вызваленчую армію Кітая і займаць кіроўныя пасады на дзяржслужбе. Калі парушэнні ў бацькоў больш сур'ёзныя, дзіця могуць не прыняць у прэстыжныя навучальныя ўстановы.

Даўгі таксама паўплываюць на ваш рэйтынг. Не заплаціў некаму за працу, не выплаціў аліменты, не дапамагаеш састарэлым бацькам, не вярнуў крэдыт, выкарыстаў страхоўку звыш ліміту і не аплаціў — усё гэта ўлічаць.

Калі суд пастанавіў выплаціць, а ты гэтага не зрабіў, то цябе заблакуюць. Ты не зможаш купіць квіткі на самалёт і цягнік, забраніраваць гатэль, арандаваць нерухомасць, атрымаць крэдыты. Гэта сапраўды вельмі эфектыўна. Літаральна нядаўна кампанія, у якой я працую, выйграла суд у іншай кампаніі. Яны павінны былі выплаціць доўг, але не зрабілі гэтага своечасова. Кіраўніка гэтай кампаніі тут жа ўнеслі ў чорны спіс. Ён проста не мог выехаць нікуды са свайго горада. Гэта вымусіла яго ўсё выплаціць вельмі хутка.

Гэта значыць, у Кітаі некалькі сацыяльных рэйтынгаў. Уласнай базай карыстаюцца банкі, асобная база ў праграме, дзе фіксуецца, ці аплацілі вы тавар. Юрыдычная база таксама асобная.

Калі цябе зловяць на махлярстве, то ў будучыні дакладна будуць праблемы з уладкаваннем на працу і атрыманнем дзяржсубсідый. Але і ў Беларусі таксама могуць паводле артыкула звольніць, і сапраўды гэтак жа будуць праблемы з уладкаваннем на працу. У Кітаі ўсё аўтаматызавана. Ты без ID нічога не купіш і нікуды не зойдзеш. Усе пытанні вырашаюцца праз праграмы. Таму цябе вельмі лёгка заблакаваць. Парушыў нешта, раз — і ты ў чорным спісе. Цябе могуць проста адключыць. Але ты рэальна павінен груба парушыць правілы (і часцяком неаднаразова).

Представляете мир без тюрьмы? Мы попытались — вот что вышло

А яшчэ могуць заблакаваць сацсеткі, калі вырашаць, што ты распаўсюджваеш хлуслівую інфармацыю або чуткі. У праграме WeChat усё жыццё кітайца. У ім захоўваюцца ўсе кантакты (у тым ліку рабочыя), гэта адначасова і сацсеткі, і электронны кашалёк, нават QR-код для аплаты праезду захоўваецца ў гэтай праграме.

Але не думаю, што гэтая сістэма зніжае злачыннасць і стрымлівае крымінальнікаў. Да злачынцаў прымяняюцца іншыя меры пакарання — гэта заключэнне пад варту і нават смяротнае пакаранне. Гэта іншы ўзровень. І калі чалавек не баіцца турмы, хіба яго стрымае нейкі рэйтынг?

Так, не плаціш аліменты не зможаш некуды паехаць. Так, пашкодзіў арэндную машыну і не аплаціў — больш не зможаш узяць машыну ў арэнду. Перавысіў ліміт медыцынскай страхоўкі не зможаш купіць страхоўку на наступны год.

Але ўпэўненая, што ніякі сацыяльны рэйтынг не зробіцца альтэрнатывай турме. Хоць ён і можа ўтрымліваць ад пэўных правіннасцяў.

 

Фудкорт і футбол у дворыку "амерыканкі"

Калі мы заканчвалі працу над гэтым тэкстам, наша калега даслала "кружочак" з Вільні:

Зараз буду глядзець футбол на тэрыторыі Лукішскай турмы. Паказаць?

Паказвае.

Праз Лукішкі прайшлі апаненты царскай Расіі, Савецкага Саюза, Польскай Рэспублікі, акупацыйных нямецкіх уладаў. Цяпер сюды можна прыйсці на экскурсію, пагуляць па камерах або прысесці на фудкорце ў турэмным дворыку.

У чэрвені па перыметры падворка расставілі намёты з піўнымі кранамі, а на вялікіх экранах транслявалі Еўра. У наступным "кружочку" калега расказвала, што добра правяла час — сто гадоў таму наўрад ці нехта мог сказаць тое ж пра Лукішкі.

У 2020 годзе беларусы фантазіравалі, як гэтак жа аднойчы знікне "амерыканка". А адну з вежаў КДБ можна будзе аддаць пад музей пратэстнага плаката. Але ці зможам мы, перарабіўшы "амерыканку" ў музей, не пабудаваць новую "амерыканку"?

Лера Хоціна не верыць, што беларусы справяцца на гэтым этапе — хутчэй за ўсё, мы прайграем той адзіны від адносінаў у грамадстве, які бачылі і які нам зразумелы. Гэтак жа, як пратэст, які пачаўся з нізавых сувязяў, нарасціў структуры ў выглядзе "офісаў і кабінетаў" — проста таму, што іншых структураў мы не бачылі.

З'яўленне структураў улады можна растлумачыць тым, як функцыянуе вялікая палітыка ва ўсім свеце, а не толькі працэсамі ўнутры беларускага грамадства. Каб атрымаць падтрымку іншай дзяржавы, каб іншая ўлада з табой лічылася, ты абавязаны паспрабаваць выйсці на той жа ўзровень. Ты павінен зрабіцца такой жа сістэмай і толькі тады заслужыш аўтарытэт у вачах урада, толькі тады ў табе ўбачаць суб'ект, згодна з логікай дзяржаваў.

Прэзідэнт еўрапейскай краіны не будзе сустракацца са мной, нізавой актывісткай Лерай Хоцінай. Прэзідэнт будзе сустракацца з людзьмі яго ўзроўню, з людзьмі, якія будуць прасоўваць такую ж сістэму ў Беларусі будучыні. Сістэму, якая яму зразумелая. Гэта значыць, дзяржава будзе гаварыць толькі з іншай дзяржавай.

Што будзе з турмой у новай Беларусі? Мы думаем, што на гэтым узроўні развіцця нашай ментальнасці беларусы не будуць вырашаць, якімі будуць турмы. Ёсць мноства людзей, якія перабеглі са старых структураў — з ГУБАЗіКа, з міліцыі, з МЗС, — і цяпер прайграваюць тут тыя ж структуры, якія ведаюць. І кажуць: давайце зробім тое ж самае, але па-новаму.

Пры гэтым нізавых актывістаў у гэты працэс не залучаюць. Мы не бачылі ніводнай адкрытай дыскусіі, дзе прадстаўнікі розных супольнасцяў маглі б распрацаваць будучую прававую рамку для Беларусі. Ці можам мы на яе паўплываць? Наўрад. Мы зможам на яе паўплываць толькі новымі пратэстамі ў новай Беларусі.

Таму я думаю, што турма застанецца, бо беларусы не пераасэнсавалі да канца праблему інстытута турмы. Не пераасэнсавалі турму такім чынам, каб зразумець, што яна — зло. Пакуль яны зразумелі толькі, што іх сяброў-пратэстоўцаў незаконна пакаралі. І гэта таксама прагрэс — але недастатковы для таго, каб змяніць адносіны ўнутры грамадства.

Але тыя факты, што ў 2020 годзе беларусы дэманстравалі здольнасць да самаарганізацыі і ўзаемапавагі, а таксама словы былых палітзняволеных аб чалавечнасці і справядлівасці для ўсіх катэгорый зняволеных даюць надзею на тое, што беларускае грамадства калі-небудзь трансфармуецца настолькі, што турма яму будзе не патрэбная. Але дзейнічаць у гэтым кірунку неабходна ўжо цяпер.

Представляете мир без тюрьмы? Мы попытались — вот что вышло
Чаму што б мы ні будавалі, атрымліваецца турма?

А ці магчыма наогул адмовіцца не толькі ад пенітэнцыярнай сістэмы, але і ад судоў? Можа, хрысціянскі запавет "не судзі" — гэта не толькі маральная ўстаноўка, але і сацыяльная праграма? Мы спыталі пра гэта беларускага святара, аўтара YouTube-канала "Бацюшка адкажа" Аляксандра Кухту.

Традыцыйнае хрысціянства выбудоўвае запаветы паводле іерархіі. Першы і галоўны запавет хрысціянства — запавет любові. Да сябе, да навакольных і да Бога. А ўсё астатняе — гэта "мыліцы", якімі мы карыстаемся, калі забываем, што значыць любіць блізкіх. І запавет "не судзі" — гэта таксама "мыліца", якой можна і трэба карыстацца, калі мы з нейкай прычыны не можам любіць чалавека.

Вядома, усім хрысціянам хацелася б жыць у свеце, дзе ўсе адно аднаго любяць, дзе ўсе людзі прыгожыя. У такім свеце няма законаў, бо няма неабходнасці іх ствараць, і злачынстваў няма. Але, на жаль, наша грамадства хранічна хворае і не здольнае так жыць. Мы ўсе крыху недасканалыя, і "мыліцы" нам патрэбныя. А там, дзе патрэбныя мыліцы, патрэбныя і інстытуты, і інструменты, з дапамогай якіх мы будзем сачыць за выкананнем правілаў нашага грамадства.

Дарэчы, пра любоў і эмпатыю. Некалькі гадоў зняволення можна скараціць да некалькіх хвілінаў, калі даць злачынцу магчымасць адчуць эмоцыі, якія адчувала яго ахвяра. Для гэтага ў турмах будучага зняволеным будуць імплантаваць згенераваныя штучным інтэлектам ўспаміны. Інтэнсіўнасць і тып успамінаў будуць рэгулявацца ў залежнасці ад цяжару злачынства.

Гэта фантазія блогера Хашам Аль-Гаілі з Емена. Ён пазіцыянуе сябе як рэжысёр і папулярызатар навукі і стварае невялікія відэаролікі, выкарыстоўваючы тэхналогіі штучнага інтэлекту. У яго сацсетак больш за 35 мільёнаў падпісчыкаў. Нядаўна там было апублікаванае відэа пра турму будучыні, у якой гады зняволення можна замяніць "прымусовай эмпатыяй".

Представляете мир без тюрьмы? Мы попытались — вот что вышло
Прымусовая эмпатыя ў турме будучыні? / Euroradio

Але так, падобна на новы від катаванняў, а не на новую турму. Да таго ж, трэба быць песімістам, каб думаць, што чыпаванне пачнецца раней за будаўніцтва новай Беларусі. Так што патрэбныя і іншыя варыянты.

Добра.

Яшчэ раз паспрабуйце ўявіць свет без турмы.

І мы таксама паспрабуем.

Пры падтрымцы "Медыясеткі"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі