У МЗС Украіны заявілі, што Беларусь не паведамляла пра закрыццё мяжы
Ва Украіне заявілі, што Беларусь афіцыйна не паведамляла пра закрыццё мяжы. "Ад такога кроку пацярпеў бы найперш беларускі народ", — сказаў прадстаўнік МЗС Украіны Алег Мікалаенка.
2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "даручыў памежным войскам цалкам перакрыць мяжу з Украінай". Нібыта адтуль паступае ў нашу краіну "вялізная колькасць зброі" і ёй карыстаюцца нейкія "атрады самаабароны". У МЗС Украіны гэта абвяргаюць, падкрэсліваюць, што Кіеў ніколі не ўмешваўся і не збіраецца ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі, паведамляе pravda.com.ua.
Ва Украіне лічаць, што чарговая заява пра зброю з украінскай тэрыторыі, пра "знешнюю пагрозу" з поўдня — адпавядае "палітыцы дэзынфармацыі, рэпрэсій і запалохвання беларускага насельніцтва".
Лукашэнка сказаў, што ў Беларусь змогуць патрапіць толькі "мірныя людзі", на лячэнне. "Усіх астатніх у палон браць не будзем", — дадаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.