"Вагнераўцы" працягваюць "дзяліцца сваім досведам" з вайскоўцамі ў Беларусі
"Вагнераўцы" перадавалі "свой баявы досвед"
"Вагнераўцы" працягваюць "дзяліцца сваім досведам" з вайскоўцамі ў Беларусі. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ паведаміў міністр абароны РБ Віктар Хрэнін. "Найперш баявым досведам", — удакладніў ён. Гэта і тактыка, і баявая падрыхтоўка, і кіраванне транспартам.
Расійскія найміты, якія раней ваявалі ва Украіне, з'явіліся ў Беларусі летам 2023 года пасля "паходу на Маскву" (яму якраз споўніўся год). У Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці яны стварылі вялізны лагер. "Вагнераўцы" займаліся з байцамі спецпадраздзяленняў унутраных войскаў, якім перадавалі "свой баявы досвед" у справе тактыка-спецыяльнай, ваенна-медыцынскай падрыхтоўкі, дзеянняў пры налёце дронаў, штурме будынкаў, акопаў і г. д. Падобныя заняткі праходзілі і з падраздзяленнямі Узброеных сіл Беларусі. Інструктары ПВК "Вагнер" навучалі нават выкладчыкаў ведамасных ВНУ Мінабароны.
"Вось "вагнераўцы" з намі папрацавалі, — гаварыў у лютым 2024-га Аляксандр Лукашэнка. — Галоўная выснова: фізічна не ўсе гатовыя. А як ваяваць, калі ты фізічна не гатовы?!".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.