"Валацільнасць? А можна вам праз пяць хвілін адказаць?"
Пасля двухтыднёвых ваганняў рубля, калі нацыянальная валюта моцна дэвальвавалася, Нацбанк выступіў з паведамленнем пра сітуацыю на валютным рынку. Не вядома, хто што зразумеў з прэс-рэліза рэгулятара, але “валатыльнасць абменнага курса” ды “абсарбенты неспрыяльных фактараў” не абмяркоўвалі толькі лянівыя.
А тут яшчэ феерычнае тлумачэнне падзення расійскага рубля ад Уладзіміра Пуціна 11−гадоваму школьніку Дзянісу. Аказваецца, Расіі птрэба зрабіць усё магчымае, каб “рубль не залежаў так ад коштаў на нафту, газ і дэрыватываў”. З кім яны ўсе размаўляюць?
Еўрарадыё папрасіла мінчукоў патлумачыць тэрміны “валатыльнасць абменнага курса” (змяненне, ваганне) ды “дерыватыў” ( вытворны фінансавы інструмент ад базіснага актыва, у якасці якога можа выступаць любы прадукт ці паслуга), а таксама паразважаць пра тое, што адбываецца з нашым рублём.
Студэнт Антон з ходу выдае значэнне тэрміна “дэрыватыў” — ведае з матэматыкі. А вось думак наконт таго, што такое “валатыльнасць абменнага курса”, у Антона няма. Тлумачу Антону, што менавіта такімі тэрмінамі Нацбанк патлумачыў змяненне і падзенне рубля. У Антона сваё тлумачэнне:
“Эканоміка нестабільная і слабая а таксама мала экспарту ды многа імпарту”.
Мінчанка Ірына таксама тлумачыць, што такое дэрыватыў – быццам бы нешта вытворнае, але ведаць не ведае, што такое валатыльнасць.
“Я курсамі валют цікаўлюся толькі калі еду ў падарожжа. Тады бегаю па абменніках, шукаю валюту, а так — яна мне не патрэбная. Далёкая я ад усяго гэтага”, — кажа Ірына. Яна ўпэўненая, што нестабільнасць беларускага рубля тлумачыцца слабай эканомікай.
Яшчэ адну Ірыну сустракаем у Міхайлаўскім скверы. Яна толькі ўздыхае ў адказ на ўсе пытанні. Ні што адбываецца з рублём, ні што такое валатыльнасць і дэрыватыў, Ірына патлумачыць не можа. Усё зло ідзе ад крызісу! Жанчына хутка знікае на сракрыжаванні, каб не было яшчэ якіх пытанняў.
Вось Віктар, ён вучыцца на першым курсе БДУ. Што такое дэрыватыў, валатыльнасць Віктар пакуль не ведае — толькі страляе вокам ў надзеі на падказку. Затое студэнт добра разумее, ад чаго залежыць беларускі рубель: “Замежныя валюты падаюць, таму падае і наша”.
Пасля словаў “валатыльнасць абменнага курса”, “дэрыватыў” многія апытаныя проста ўцякаюць ад карэспандэнта Еўрарадыё — ну, не разумее народ замудрых словаў.
Сустракаем Машу ды Ганну ля Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта. Будучыя эканамісты просяць 5 хвілін на роздум і пошук адказу ў інтэрнэце.
“Мы толькі паступілі, мы яшчэ даведаемся, што гэта. Магчыма, гэта змяненне нейкае”, — выказвае тэорыю Маша і трапляе ў кропку. Вось што значыць эканаміст ад бога!
“Ад коштаў на нафту залежыць курс беларускага рубля”, — звязвае будучы эканаміст Марыя дзве падзеі.
Лінгвіста Дыяну сустракаем недалёка ад вакзала. Яна кажа, што патлумачыць тэрміны ёй будзе цяжка — мала таго, што лінгвіст, да таго ж яшчэ і скончыла ўніверсітэт даўно. Дыяна просіць паказаць прэс-рэліз. Для Еўрарадыё няма нічога немагчымага.
“А ну дык тут усё зразумела, — здзіўляе Дына, чытаючы тэкст і збольшага рукамі паказвае, што такое валатыльнасць. — То бок змяненне, ваганне. Каму трэба, той зразумее. Але яны знайшлі магчымасць апісаць гэтыя працэсы. Навуковы тэкст — заўсёды навуковы тэкст. Вы ведаеце, вялікі плюс тым, хто складаў гэты тэкст — яны спецыялісты сваёй справы, ведаюць гэтыя тэрміны”.
Пакуль карэспандэнт Еўрарадыё хадзіла на апытанне, курс беларускага рубля да кошыка валют зноў змяніўся. Таму што валатыльнасць.