Валюту на біржы можна будзе купіць для любых мэтаў. Чаму раней было не так?
А хутка будзе можна!
10 студзеня Нацбанк адмяніў адно з самых старых абмежаванняў, што існавала на валютным рынку Беларусі. Рэгулятар дазволіў юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам свабодна набываць валюту на біржы. Раней яны маглі набыць валюту толькі на пэўныя мэты.
“Прадпрыемства не магло проста так пайсці на біржу і набыць валюту, бо яму так захацелася. Мэтавы парадак азначаў, што валюту можна купіць толькі на пэўныя мэты, — тлумачыць старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб. — Такой мэтай маглі быць, напрыклад, аплата па імпартным кантракце, вяртанне крэдытаў у замежнай валюце. І яшчэ можна прыгадаць выплату валютных камандыровачных выдаткаў. Мабыць, гэтым кругам магчымыя мэты і вычэрпваліся”.
Гэтая норма была ўведзеная яшчэ ў пачатку 1990-х, калі валютны рынак Беларусі перажываў не лепшыя часы. І хаця ў 2000-я сітуацыя крыху выправілася, абмежаванне засталося.
“Доўгі час у нас на валютным рынку было адміністрацыйнае курсаўтварэнне. У 2000-я абменны курс замежнай валюты быў заніжаны. Гэта прыводзіла да дэфіцыту, які даводзілася пакрываць за кошт золатавалютных рэзерваў. Таму ўлады імкнуліся адміністрацыйнымі метадамі скараціць попыт і павялічыць прапанову замежнай валюты. Метад павялічыць прапанову — гэта абавязковы продаж часткі валютнай выручкі. А вось адміністрацыйнае абмежаванне попыту — гэта якраз і ёсць дазвольны парадак пакупкі валют”, — працягвае Вадзім Іосуб.
Пастанова набудзе моц 28 сакавіка 2018 года. Цікава, што і пасля гэтай даты прадпрымальнікам давядзецца ўказваць у заяўках мэту, з якой яны набываюць валюту. Але Нацбанк заяўляе, што ў дакументах можна ўказаць любы “напрамак выкарыстання набываемай замежнай валюты”. Гэта “будзе насіць выключна статыстычны характар і не будзе абмяжоўваць выкарыстанне набытай замежнай валюты па іншых напрамках”.
На думку Іосуба, адмена абмежавання — гэта своечасовы лібералізацыйны крок Нацбанка. У кіраўніка прадпрымальніцкага аб’яднання “Перспектыва” Анатоля Шумчанкі на гэты конт сваё меркаванне. Не гледзячы на тое, што абмежаванне, пра якое ідзе гаворка, фармальна датычылася і індывідуальных прадпрымальнікаў, яго адмена не зробіць ім надвор’я.
“Розніцы гэта амаль не датычыцца. Прадпрымальнікі за наяўныя грошы набываюць валюту (для гэтага зараз нават пашпарт не патрэбны) і едуць з ёю ў Маскву, у Кітай, ва Украіну ці ў Польшчу, прывозяць адтуль тавар — і ўсё. На біржу для гэтага ісці не трэба. Я не кажу, што адмены абмежавання няма, але ў большасці ўсё нашмат прасцей.
Сёння галоўная праблема — дзе ўзяць грошы, каб набыць валюту. У людзей няма грошай, і яны галеюць. Вось галоўная праблема. І трэба стварыць умовы. Нам ўсё імкнуцца спрасціць уваход у бізнес, нейкія іншыя адміністрацыйныя рэчы, але галоўнае не робіцца — каб спрасціць умовы для вядзення бізнесу і зрабіць яго танным”.