Вардамацкі: Рэйтынг уладаў залежыць ад таго, як у СМІ пакажуць Украіну

Вардамацкі: Рэйтынг уладаў залежыць ад таго, як у СМІ пакажуць Украіну

Беларуская аналітычная майстэрня прадставіла 1 кастрычніка ў Варшаве вынікі даследаванняў на тэму, як расійскія СМІ ўплываюць на свядомасць гледачоў у постсавецкіх краінах, у тым ліку ў Беларусі.  Пра тое, што давяраюць расійскім СМІ, у апытанні адказалі 48% беларусаў. Частковы ці поўны недавер выказалі 37,2% рэспандэнтаў. Для параўнання, ва Украіне не давяраюць медыям з Расіі больш за 80% гледачоў.

Рэспандэнтам таксама задаваліся пытанні пра стаўленне да падзей на Еўрамайдане, наконт далучэння Крыма да Расіі, стаўленне да ЗША і да Антытэрарыстычнай аперацыі ва Украіне. Адказы на гэтыя пытанні ў Расіі і Украіне дыяметральна адрозніваліся, а меркаванні беларусаў займалі сярэдзіну паміж імі.

У Беларусі анэксію Крыма падтрымалі каля 70% рэспандэнтаў (у Расіі 84%, а ва Украіне 10,5%). Больш за палову беларусаў лічыць Еўрамайдан барацьбой супраць украінскіх уладаў антырасійскіх, нацыяналістычных сіл, якія фінансуе Захад. Кожны чацвёрты беларус называе падзеі на Майдане змаганнем за еўрапейскі шлях развіцця краіны. Што ж тычыцца стаўлення да Злучаных Штатаў Амерыкі, то пазітыўную ацэнку выказалі 37% беларускіх рэспандэнтаў, негатыўную — 42,6%. Украінскую антытэрарыстычную аперацыю назвалі каральнай і накіраванай на мірнае насельніцтва больш за 56% апытаных у нашай краіне. Адзін з чатырох беларусаў нязгодны з такой думкай.

На падставе адказаў на гэтыя пытанні даследчыкі вылічылі рэйтынг уздзеяння расійскіх СМІ на аўдыторыю. Калі 100 пунктаў у рэтйнгу азначае поўную падтрымку расійскага афіцыйнага пункту гледжання, то ў выпадку Беларусі рэйтынг склаў 60,5 пунктаў (для Расіі — 78, а ва Украіне — 25,5). Аднак даследчыкі не знайші непасрэднай сувязі паміж рэйтынгам даверу да расійскіх СМІ і тым, ці падтрымлівае іх аўдыторыя расійскі афіцыйны пункт погляду.

Па словах Андрэя Вардамацкага, сакрэт поспеху расійсіх СМІ заключаецца ў тым, што іх прадукт выглядае прафесійна, якасна і ўздзейнічае на пачуцці гледачоў. СМІ прадстаўляюць журналістаў героямі, якія здабываюць інфармацыю рызыкуючы жыццём. Погляд на падзеі перадаецца такім чынам, што ён выглядае як вынікі кансэнсусу ўлады і грамадства, яго лёгка зразумець і ён прывабна выглядае. Нацыянальныя СМІ на гэтым фоне саступаюць расійскім, бо часта канцэнтруюцца на падзеях мясцовай важнасці, а міжнародную тэматыку асвятляюць толькі выкарыстоўваючы ўжо гатовы прадукт ад расійскіх медыя. Тым не менш, можна казаць і пра тое, што ўзровень даверу да беларускіх СМІ ў беларусаў паволі расце, лічыць Андрэй Вардамацкі:

Ідзе ўзрастанне даверу да беларускіх сродкаў масавай інфармацыі. Гэты эфект выкліканы псіхалагічнай стомленасцю ад расійскіх СМІ, пачынаецца параўнанне інфрмацыі з Расіі з іншымі сродкамі і крыніцамі. Калі параўнанне адбываецца, то гледачы рухаюцца ў бок беларускіх СМІ”.

У той жа час расійская прапаганда прыносіць плён не толькі расійскім уладам, але і беларускім. З прычыны складанага эканамічнага становішча беларускім уладам выгадна, што Украіна ў расійскіх СМІ паўстае месцам, у якім нібыта пануе хаос і беспарадкі, а людзі не маюць вады, цяпла, святла і даху над галавой.  Наглядзеўшыся па тэлевізары, як кепска жывецца суседзям, беларусы гатовыя змірыцца з нізкім узроўнем жыцця, “абы не было вайны”, адзначае аналітык майстэрні Андрэй Фёдараў.

Такім чынам адбываецца цікавая з'ява, калі рэйтынг падтрымкі ўлады вызначае не ўзровень жыцця людзей, а тое, як ім пакажуць па тэлебачнні падзеі ва Украіне, заўважае Андрэй Вардамацкі. Калі людзі адчуваюць небяспеку ў суседняй краіне, то схільныя аб'ядноўвацца вакол нацыянальнай улады і не звяртаць так шмат увагі на эканамічныя складансці.

Што ж тычыцца самой эканамічнай сітуацыі напярэдадні выбараў, то сёлета ўлады не маюць сродкаў, каб абяцаць павышэнне заробкаў і паляпшэнне ўзроўню жыцця. Беларуская вытворчасць у асноўных галінах эканомікі падае з 2012 года, і нават заканчэнне крызіса ў Расіі не верне канкурэнтаздольнасць беларускім прадпрыемствам, лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў. Стала відавочным, што беларуская эканамічная мадэль, якая дазволіла Аляксандру Лукашэнку падняць сярэдні заробак па краіне да 515 долараў у 2010 годзе, не спраўдзілася. Але ж беларускія ўлады яшчэ больш узмацняюць камандныя метады і дзяржаўны кантроль. Калі папярэдняя прэзідэнцкая кампанія адзначалася пэўнымі захадамі па лібералізацыі ў эканоміцы, то цяпер назіраецца пагаршэнне ўмоваў гаспадарання для малога і сярэдняга бізнэсу. “Сёлета ніхто не абяцае беларусам, што будзе лепш, ім кажуць, што трэба трываць”, — адзначыў эканаміст. А чарговае пагаршэнне сітуацыі, на думку Злотнікава, адбудзецца ўжо сёлета.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі