Вайсковы патруль у Гомелі 15 хвілін ганяўся за рабаўніком у масцы
Тры вайскоўцы ў Гомелі ішлі ў патрулі па ахове грамадскага парадку каля вуліц Галавацкага і Мазурава, калі на іх выбег мужчына ў чорнай масцы з жаночай сумачкай у руках, піша tut.by.
Мужчына паспрабаваў уцячы ад патруля дварамі, аднак вайскоўцы кінуліся ў пагоню. Праз 15 хвілінаў ім удалося затрымаць зламысніка.
Пацярпелая і відавочцы пацвердзілі, што менавіта затрыманы мужчына вырваў сумачку.
У міліцыі распавялі, што затрыманы 26-гадовы гамяльчук ужо быў раней судзімы за рабаванне і хуліганства. Таксама яго адпраўлялі на прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.
Цяпер гарадскі аддзел Следчага камітэта пачаў на мужчыну крымінальную справу.