Ветэрынарная "хуткая" ў Беларусі: прыедзем толькі каб усыпіць

Машыніст ў Нідэрландах дзеля выратавання параненага кацяняці спыніў цэлы цягнік, а на станцыі параненую жывёлку чакала хуткая ветэрынарная дапамога! Ці магчыма гэта ў Беларусі, жыхары якой залічваюць сябе да цывілізаваных еўрапейцаў?

Вось гісторыя мінчаніна Арцёма. Прыкладна год таму хлопец вяртаўся з Вільні і ўжо пад Мінскам ля адбойніка на кальцавой знайшоў вялікага збітага сабаку. У яго было мноства пераломаў. Хлопец завёз сабаку ў ветклініку на Мініна, адтуль у Ратамку, а потым валанцёры парэкамендавалі яму хірурга, які сабаку і выратаваў.

“Выклікаць нейкую хуткую ветэрынарную дапамогу я не спрабаваў, бо, здаецца, у нас такога і няма. Я ведаю, што ў нас па кальцавой проста “газелька” ездзіць, якая збірае смецце, параненых і мёртвых жывёл — усё туды, а каб хуткая дапамога для жывёл — гэтага быццам няма”, — расказвае Арцём.

Пасля шматлікіх аперацый і доўгага аднаўленчага перыяду, калі хлопцу даводзілася даглядаць сабаку, карміць праз соску, Арцём вырашыў пакінуць яго сабе. Цяпер Чарлі (такое імя далі выратаванаму) добра ўжываецца не толькі з гаспадарамі, але і з катом.

Тэлефануем у ветстанцыю Заводскага раёна сталіцы з міфічнай праблемай: знайшла ў лесапаласе сабаку з пераламанымі лапамі, калі перавозіць — можна зрабіць горш. Ці можна выклікаць хуткую дапамогу?

Гэты сабака не міфічны, а рэальны, яе завуць Ліза - і ёй патрэбны новы дом. Звярнуцца можна ў "Эгіду"

“У нас усе паслугі платныя, і гэта трэба прывозіць сюды. Усе працэдуры мы робім у клініцы, бо нельга вывозіць наркоз. Тэлефануйце ў прыватныя клінікі, мо яны выязджаюць. Ці ў “Спецаўтагаспадарку” — яны прыязджаюць і ўсыпляюць жывёлу”, — спакойна кажа мне жанчына ў ветстанцыі Заводскага раёна  Мінска.

Еўрарадыё: Дык у еўрапейскіх краінах, нават у Маскве, можна выклікаць хуткую, а ў нас нельга?

Ветстанцыя: Вы самі адказалі на пытанне, гэта ў іх, а тое ў нас.

Тэлефануем у лякарню на вуліцы Мініна, дзе знаходзіцца Мінская гарадская ветэрынарная станцыя.

“Нашы дактары выязджаюць на месца,так, але пры ўмове, калі ветдоктар не заняты, а гэта бывае вельмі і вельмі рэдка, амаль ніколі. Да таго ж патрэбна, каб ваш сабака быў зафіксаваны, каб не пакусаў, каб вы неслі за яго адказнасць. Праблемы ў выглядзе пакусаў, шаленства нашым дактарам, самі разумееце, непатрэбныя”.

Супрацоўнікі ветстанцыі даюць нумары тэлефонаў валанцёраў, прыватных клінік. Але ніхто дапамагчы не можа.

“У нас выклік каштуе 580 тысяч рублёў, — з парога кажуць пра грошы ў ветклініцы “Антыстрэс”. — Да таго ж у нас не хуткія выклікі, вось сёння запісваецеся, а заўтра-паслязаўтра прыедзем”.

Яшчэ адзін ветэрынар, Ірына, кажа, што з нашым прыдуманым сабакам два спосабы: ці эўтаназія на месцы, ці самім везці яго ў клініку.

“На дом мы выязджаем, так. Але на дом. Па лясах-парках мы не ездзім. Здаецца, нідзе ў Беларусі такіх дапамог і няма. У прынцыпе, вам трэба разабрацца, што з сабакам: ці лячыць, ці эўтаназія. Бязбольна і хутка мы гэта зрабіць можам. Але не пакідайце яго так, у лесе. Так вы пакідаеце яго на марудную галодную смерць”, — вучыць ветэрынар Ірына.

У ветклініцы “САС” кажуць, што таксама не могуць прыехаць. Але рэкамендуюць патэлефанаваць у “Фаўну горада”, быццам там усё памянялася і сабак не ўсыпляюць, а ратуюць. Спрабуем там.

“А дзе вы знайшлі сабаку? Вы з Мінска? У якім вы раёне?” — адразу пытаюцца тут.

Еўрарадыё: Я вам не скажу, бо баюся, што вы прыедзеце і ўсыпіце яго!

Фауна горада: Ну я вас прашу! Вы што, думаеце, калі скажаце, што вы ў Ленінскім раёне знайшлі сабаку ў лесапаласе, мы па ўсіх лесапалосах будзем ездзіць і шукаць вашага сабаку?

Еўрарадыё: Дык што мне рабіць?

Фауна горада: Валанцёры дапамогуць, запісвайце адрас.

Еўрарадыё: А вы мне не дапаможаце?

Фауна горада: Калі мы прыедзем, сабака пойдзе на ўсыпленне.

Дапамагчы не могуць, але ўсыпіць - заўсёды калі ласка

Пры канцы яшчэ адна гісторыя: беларускаму фатографу Яўгену Ерчаку і яго дзяўчыне Марыне аддалі параненую саву. Птушка заляцела ў цяпліцу агракамбіната “Ждановічы”.

Яўген з Марынай саву выхадзілі, але потым адпускаць птушку ў дзікую прыроду падалося небяспечным, бо іх падапечная прывыкла да штодзённых мышак і клопату. Таму саву аддалі знаёмаму чалавеку. Яўген кажа, што выклікаць такую хуткую дапамогу для жывёлы ці для птушкі немагчыма, яе проста няма.

А вось і выратаваная сава. Фота Яўгена Ерчака

“З коцікамі-сабачкамі ёсць варыянт дапамогі праз нейкія клінікі, валанцёраў, форумы нераўнадушных людзей. Прытулак можна знайсці совам, ястрабам, на крайні выпадак — аддаць у заапарк. А са звычайнымі птушкамі — галкамі, варонамі, галубамі — без шанцаў. Займацца імі ніхто не будзе, бо людзей у тэме можна пералічыць на пальцах”.

Трэба дадаць, што цяпер Яўген і Марынай не праходзяць міма птушак, якія трапілі ў бяду. Выходжваюць іх, лечаць і аддаюць у добрыя рукі. 

“Тры галкі і адзін грак — цяпер мы ім шукаем дом”, — кажа Яўген Ерчак. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі