Віцебскаму баевіку “ДНР” пагражае ва Украіне 25 гадоў
У Дружкоўскім гарадскім судзе Данецкай вобласці Украіны праходзіць судовы працэс над віцяблянінам Дзмітрыем Новікавым. Яму пагражае да 25 гадоў зняволення, піша "Віцебская вясна".
31-гадовага ўраджэнца Віцебска вінавацяць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу — удзел у тэрарыстычнай групе, вядзенне агрэсіўнай вайны, злачынства ў складзе арганізаванай групы і парушэнне парадку ўезду на часова акупаваную тэрыторыю Украіны.
Як выявіла следства, Новікаў ваяваў у складзе тэрарыстычнай групоўкі “ДНР” ад 7 лістапада 2014 года да 16 чэрвеня 2015-га. Потым яго выключылі са спісу вайсковай часці, але ў 2017-м віцяблянін зноў вярнуўся на часова акупаваную тэрыторыю. 10 жніўня 2018 года яго затрымалі.
У матэрыялах справы сцвярджаецца, што Новікаў быў камандзірам танка танкавага батальёна “Самалі”. У 2015 годзе ён удзельнічаў у штурме Данецкага аэрапорта. У 2017-м таксама прымаў удзел у баявых дзеяннях супраць украінскіх войскаў.
Паведамляецца, што Новікаў прызнаў сваю віну і супрацоўнічае са следствам.
Судовае пасяджэнне, якое адбылося 19 верасня ў Дружкоўскім гарадскім судзе Данецкай вобласці, транслявалася онлайн.
Наступнае пасяджэнне пройдзе 30 кастрычніка.
У Віцебску ў Новікава засталася сям’я — жонка і 10-гадовае дзіця. Раней паведамлялася, што ў Беларусі ён ужо мае судзімасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.