Віцебскіх святароў, затрыманых за малітву, адпусцілі з ізалятара
9 снежня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска разглядалі справы затрыманых учора ксяндза Віктара Жука, грэка-каталіцкага святара Аляксея Варанко ды іх сябра Аляксея Каракова.
Як распавядала Еўрарадыё, усіх іх міліцыянты затрымалі 8 снежня каля гандлёвага цэнтра GREEN і склалі пратаколы за несанкцыянаванае пікетаванне.
Усе тры справы разглядаў праз скайп суддзя Міхаіл Юрчанка. Затрыманыя патлумачылі, што не ладзілі пікет, а маліліся за жыхароў Беларусі. Пры гэтым Аляксей Варанко трымаў нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.
Як перадае Радыё "Рацыя", суд вырашыў, што ў дакументах недастаткова звестак для таго, каб вынесці рашэнне. Таму пратаколы былі накіраваныя на дапрацоўку ў Першамайскі РАУС. А саміх затрыманых вызвалілі. Дата працягу суда пакуль не вядомая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.