Віктар Бабарыка выступіць сведкам па справе сына Эдуарда на судзе
Эдуард Бабарыка на судзе / БЕЛТА
На судзе па справе Эдуарда Бабарыкі сведкам выступіць яго бацька — Віктар Бабарыка, піша "Мінская праўда".
Эдуард Бабарыка хадайнічаў аб выкліку свайго бацькі для дачы тлумачэнняў. Дзяржабвінаваўца сказаў, што палітвязень ужо ўключаны ў спіс сведкаў. Між тым, звестак пра стан і месцазнаходжанне Віктара Бабарыкі няма ўжо больш за месяц.
1 чэрвеня на судзе слухалі матэрыялы наконт знаёмства Эдуарда Бабарыкі з Сяргеем Ціханоўскім. На пачатку працэсу дзяржабвінавачанне заявіла, быццам Эдуард Бабарыка "аказваў садзейнічанне Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў". Паколькі суд над Ціханоўскім быў закрытым, матэрыялы з яго працэсу заслухоўвалі таксама ў закрытым рэжыме.
Сам Эдуард Бабарыка раней казаў, што ўпершыню пабачыўся з Ціханоўскім на "круглым стале" ў КДБ, куды прыязджаў Лукашэнка. Хлопец хадайнічаў, каб Ціханоўскага выклікалі на яго працэс, але суд адхіліў хадайніцтва.
Эдуард Бабарыка знаходзіцца ў зняволенні з сярэдзіны чэрвеня 2020 года. Суд над ім пачаўся 22 траўня 2023-га. Яго вінавацяць ва "ўхіленні ад выплаты падаткаў" (за амаль 10 гадоў), у "легалізацыі ("адмыванні") сродкаў, атрыманых злачынным шляхам", "дапамаганні ў арганізацыі масавых беспарадкаў", "распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы". Бабарыка не прызнаў сваёй віны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.