Віктар Януковіч-малодшы абверг звесткі пра тэлефонную размову з Лукашэнкам
Пра гэта сын былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча — Віктар Януковіч-малодшы паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.
"Адкажу коратка: я — сціплы чалавек, не пакутую на манію велічы, не пляту дзяржаўных інтрыг, не здзяйсняю дзяржаўных пераваротаў для развалу Украіны і не лічу сябе ўпаўнаважаным весці перамовы з кіраўнікамі іншых дзяржаў", — перадае БелаПАН яго словы.
На думку Януковіча-малодшага, Лукашэнку, хутчэй за ўсё, разыграў вядомы тэлефонны хуліган — пранкер Ваван. Дарэчы, у інтэрв'ю з Еўрарадыё пранкер не адмаўляў такой верагоднасці.
Нагадаем, сёння ў інтэрнэце з'явіўся аўдыёзапіс тэлефоннай размовы — нібыта паміж Віктарам Януковічам-малодшым і Аляксандрам Лукашэнкам. У ёй ішла гаворка аб прадастаўленні Януковічу прытулку ў Беларусі.
У прэс-службе Лукашэнкі адмовіліся каментаваць інфармацыю наконт гэтай тэлефоннай размовы.
Фота — vu.ua