Вольга Стужынская: Візавыя санкцыі ЕС перашкаджаюць беларускім студэнтам
Кіраўнік брусельскага офіса За дэмакратычную Беларусь распавяла, чаму варта прыбраць з “чорнага спісу” ЕС рэктараў ВНУ,і як візавыя санкцыі шкодзяць палітвязням
Еўрарадыё: Што гэта за спіс асобаў, з якіх, на вашую думку, варта зняць візавыя санкцыі ЕС? Дзе яго можна пабачыць і хто ў яго ўваходзіць?
Кіраўніца офіса “За дэмакратычную Беларусь” Вольга Стужынская: Тое, што сказаў спадар Рымашэўскі, не зусім правільна. Калі прадстаўнік Еўрасаюза Гуннар Віганд на паседжанні ў Еўрапарламенце сказаў, што спіс неўязных асобаў будзе пашыраны яшчэ на 135 імёнаў, мы сапраўды задумаліся. Але пытанне стаіць не пра тое, каго зняць ці дадаць, а ўвогуле пра эфектыўнасць візавых санкцый як метаду ўплыву на сённяшнія адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. На сённяшні момант мы не лічым гэта інструментам, які мог бы палепшыць сітуацыю. На мой погляд, такія крокі хутчэй пагоршаць стан як палітзняволеных, так і ўвогуле стан грамадзянскай супольнасці ды звузіць магчымасці для грамадзянскай супольнасці працаваць — у першую чаргу па праграмах, звязаных з Еўрасаюзам.
Еўрарадыё: Хто складаў гэты спіс з 25 прозвішчаў?
Вольга Стужынская: Гэта нават не спіс, а шэраг катэгорый. На ўзроўні прапановаў абмяркоўваліся напрыклад рэктары навучальных установаў — можа, было б варта зняць гэтых людзей са спісаў, бо мы кажам пра пашырэнне праграмаў у галіне адукацыі, пра тое, што беларуская сістэма адукацыі патрабуе рэформаў. А ўсё гэта можа даць толькі супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Але ўсё гэта на ўзроўні прапановаў наконт катэгорый, якія павінны падпадаць пад санкцыі.
Еўрарадыё: Але тыя ж рэктары ўніверсітэтаў, з аднаго боку, згодныя супрацоўнічаць з Еўропай, тым больш што на гэта ёсць зялёнае святло ад уладаў, а з другога — працягваюць выключаць студэнтаў?
Вольга Стужынская: Гэтую інфармацыю мы цягам гадоў даносілі да структураў Еўрасаюза. Але калі мы зацікаўленыя ў еўрапеізацыі краіны, зацікаўленыя ў тым, каб нашы студэнты вучыліся тут, а не з’язджалі за мяжу і заставаліся там, зацікаўленыя ў тым, каб наша краіна далучылася да Балонскага працэсу, то мы павінны глядзець і ўзважваць. Я не кажу, што гэтыя людзі невінаватыя. Але гэтыя пытанні павінны шырока абмяркоўвацца.
Еўрарадыё: А як быць з чыноўнікам, якога адправілі ў адстаўку, і зараз ён не мае ўплыву, але ўсё, што ён рабіў раней — гэта былі праявы беларускага рэжыму. Што рабіць з ім?
Вольга Стужынская: Менавіта таму я лічу, што пра гэта трэба гаварыць. Самае простае — сказаць, што ў Беларусі ўсё дрэнна, усё негатыўна, і таму будзем далей уводзіць санкцыі. Я думаю, што гэта не дапамога дэмакратыі. Трэба шукаць больш эфектыўныя інструменты — вось пра што ідзе размова. Трэба таксама ўлічваць, што альтэрнатывы сённяшняму кіраўніцтву краіны на дадзены момант у нас няма. І ў той жа час грамадзянская супольнасць і палітычныя партыі павінны неяк развівацца, выкарыстоўваць магчымасці, што дае Еўрасаюз. Мы павінны ўлічваць таксама працэсы паскоранай інтэграцыі з усходнім суседам — Еўрасаюз у прынцыпе тады ўвогуле знікае з мапы для Беларусі. Вось гэтыя пытанні трэба вырашаць! Трэба глядзець больш шырока, бачыць карціну ў цэлым. А ўжо потым больш дэтальна глядзець на спісы і асобы.
Еўрарадыё: Апроч офіса "За дэмакратычную Беларусь", якія яшчэ арганізацыі і палітыкі ў Еўропе падтрымліваюць вашае меркаванне?
Вольга Стужынская: Шмат якія прадстаўнікі экспертнай супольнасці пачалі пісаць зараз пра неэфектыўнасць візавых санкцый. Але беларускіх палітыкаў проста не было апошнім часам у Брусэлі. А гэта новы этап перамоваў па візавых спісах, бо гэта было агучана толькі ў сярэдзіне студзеня ў Еўрапарламенце. Але прозвішчаў назваць я не магу.
Еўрарадыё: Еўрасаюз стасуе палітыку дзвюх сцежак — гэта візавыя санкцыі ў адносінах да афіцыйных уладаў і пры гэтым падтрымка грамадзянскай супольнасці. Калі візавыя санкцыі неэфектыўныя, што будзе адпаведным падыходам да беларускіх уладаў у цяперашняй сітуацыі?
Вольга Стужынская: Пашырэнне візавых санкцый проста не мае рэальнага ўплыву, акрамя таго, што раздражняе ўлады, якія потым узмацняюць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, якой Еўрасаюз хоча і можа дапамагаць. Канечне, ніхто не кажа, што спісы неўязных трэба скасаваць. Людзі, унесеныя ў спіс, па большай частцы сапраўды вінаватыя ў рэпрэсіях. І тыя, напрыклад, хто вінаваты па справе Алеся Бяляцкага, таксама павінны быць дададзеныя. Але гэты спіс павінен быць перагледжаны, таму што на сёння там ёсць людзі, якія проста сышлі з жыцця, або пакінулі свае пасады, або як намесніца галоўнага рэдактара "Советскай Белоруссии", якая на той момант проста ўжо не займала тую пасаду (Ганна Шадрына. — заўв.Еўрарадыё)… Трэба таксама перагледзець падыход — на аснове чаго складаюцца гэтыя спісы. Павінны быць больш шырокія кансультацыі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і арганізацыямі, што працуюць па правах чалавека.
Еўрарадыё: Пасля падзей 19 снежня Еўропа не ўвяла эканамічныя санкцыі, абмежаваўшыся візавымі. Калі адмяніць яшчэ і візавыя санкцыі, якім сродкам можна ўвогуле можна паўплываць на беларускія ўлады?
Вольга Стужынская: Першапачатковых інструментаў уплыву ў Еўрасаюза насамрэч вельмі мала. Эканамічныя санкцыі такога маштабу, якія ўвогуле маглі б мець нейкае ўздзеянне, ніколі не будуць прынятыя, таму што на іх ніколі не пагодзяцца ўсе 27 краін. У кожнай з краін свае асобныя стасункі, свае інтарэсы. Былі ўведзеныя толькі кропкавыя санкцыі супраць некаторых прадпрыемстваў. Калі зараз Еўрасаюз будзе працягваць палітыку ўвядзення санкцый, гэта будзе змяншаць яго ўплыў, бо калі змяншаюцца сувязі з краінай, то аўтаматычна знікаюць і інструменты ўплыву.
Фота: Радыё "Свабода"