Вячорка: У Мінску — Быкаўскі праспект
Еўрарадыё паразмаўляла са старшынём тапанімічнай камісіі Таварыства беларускай мовы Вінцуком Вячоркам пра магчымыя змены ў тапаніміцы сталіцы.
Нядаўна пры Таварыстве беларускай мовы была адноўлена праца тапанімічнай камісіі. Яе старшынём абраны вядомы беларускі мовазнаўца Вінцук Вячорка.
Еўрарадыё: Чаму камісія аднавіла сваю працу менавіта цяпер?
Вячорка: “Нашая камісія аднавіла сваю працу невыпадкова. Па ўсёй краіне становяцца ўсё больш бачнымі культурныя ініцыятывы нацыянальна-свядомых людзей дзеля аднаўлення старажытных назваў і паселішчаў, вуліц, пляцаў і іншых гарадскіх трасаў. Гэтую працу трэба каардынаваць і ставіць яе на навуковую аснову, бо інакш атрымліваецца аматаршчына і разнабой”.
Еўрарадыё: 19 чэрвеня, у дзень нараджэння Васіля Быкава валанцёры кампаніі "Гавары праўду" ў Мінску сімвалічна пераназвалі вуліцу Ульянаўскую ў вуліцу Быкава. У такім выпадку, лепш вуліцы Ульянаўская надаць больш старажытную назву, а надаць імя Васіля Быкава новай вуліцы?
Вячорка: “У кожным старажытным беларускім горадзе ёсць цэнтр, у якім часам ад 15-га, як у Берасці, 16-га стагоддзя, як у Горадні, зафіксаваныя старажытныя назвы. І яны павінны быць прызнаныя культурнымі каштоўнасцямі і паводле адпаведнай канвенцыі, якую ратыфікавала Беларусь, павінны быць адноўленыя.
Пазнейшыя ўсе назвы ўжо трэба пераглядаць, бо сярод іх нямала назваў нададзеных дзеля чужацкіх ідэалогіяў, тэарэтыкаў і практыкаў масавага або індывідуальнага тэрору. Вось гэтыя вуліцы безумоўна трэба перайменоўваць. Напрыклад, у Берасці тамтэйшая грамадскасць распачала кампанію за перайменавання вуліцы Халтурына. Халтурын — гэта тэрарыст, самы натуральны ў сучасным сэнсе гэтага слова. Перайменаваць вуліцу Халтурына у Васіля Быкава — гэта цалкам правільная прапанова, бо вуліца гэта не гістарычная. І тут мы ўшаноўваем памяць вялікага беларуса.
Што да Мінску, Васіль Быкаў — гэта на столькі велічная постаць, паводле іерархіі пэўнай ён мае права на праспект, прычым паводле правілаў беларускай граматыкі і тапанімічнай традыцыі ў прыметнікавай форме ён бы мусіў гучаць: Быкаўскі праспект. Трэба глядзець, якія густа населеныя, з насычаным рухам вуліцы носяць або таталітарныя імёны, або выпадкова нададзеныя, або імёны людзей хай сабе харошых, але далёкіх ад Беларусі.
Што да Ульянаўскай, то яна належыць да комплексу вуліцаў старажытнага гарадскога абшару — Ляхаўскага прадмесця. Цяпер гэтыя вуліцы, так званая Ульянаўская, так званая Кастрычніцкая, так званая Беларуская, калісьці так званая вуліца Лодачная, — усе гэтыя вуліцы належаць да паселішча, зафіксаванага яшчэ ў 16-м стагоддзі. І натуральна ўсе яны мелі свае прыгожыя, унікальныя беларускія назвы. Скажам цяперашняя Ульянаўская з трох фрагментаў складаецца, а зваліся яны — Ільінская — ад адпаведнай царквы, Гарбарная — ад майстроў адмыслоўцаў, якія яе насялялі, Ніжняя Ляхаўская. Безумоўна, што адна з трох або нават тры павінны быць адноўленыя”.
Еўрарадыё: Ці можна ў цяперашняй сітуацыі змяніць савецка-камуністычныя назвы, якія пануюць у цэнтрах беларускіх гарадоў? Калі казаць пра праспекты, то як тапанімічная камісія ставіцца да перайменавання праспектаў Скарыны і Машэрава ў праспекты Незалежнасці і Пераможцаў?
Вячорка: “Нейкі час таму мы правялі канферэнцыю, на якой сабраліся спецыялісты з розных гарадоў і з розных пакаленняў. Была ўхвалена канцэпцыя. У камісіі ёсць канцэптуальны падыход да пытання — гэта значыць, у межах старажытных гарадоў, спрадвечныя назвы павінны быць адноўленыя безумоўна. Што да перайменаванняў двух асноўных праспектаў у цэнтры Менску, зробленых з ініцыятывы кіраўніка дзяржавы, то гэта з ягонага боку была вельмі няўдалася спроба. Усе сацыялагічныя апытанні паказваюць, што гэта было ўспрынята вельмі негатыўна фактычна ўсімі пластамі насельніцтва, уключна з ветэранамі, ад імя якіх, быццам бы такое перайменаванне адбывалася”.
Еўрарадыё: Калі ўявіць, што ў Беларусі будуць спрыяльныя змены, каб стала магчыма перайменоўваць вуліцы і плошчы, ці не адбудзецца так, што раптам пачнецца стыхійны працэс?
Вячорка: “У дэмакратычнай дзяржаве, па-першае, шануецца голас спецыялістаў. Па-другое, сапраўды дэмакратычная Беларусь можа быць дзяржавай угрунтаванай на гістарычнай памяці”.
Фота — svaboda.org