Вялікабрытанія лічыць Дашкевіча і Лобава палітычнымі зняволенымі

З такой заявай выступіў 25 сакавіка міністр па справах Еўропы Дэвід Лідынгтан, паведамілі БелаПАН у брытанскім пасольстве.

Як адзначыў брытанскі міністр, акалічнасці іх арышту, што адбыўся напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня, "вельмі падазроныя". "На самім судовым працэсе сведкі абвінавачання далі надзвычай супярэчлівыя паказанні, а абвінавачаныя не атрымалі магчымасці на свае вочы ўбачыць сваіх абвінаваўцаў", — адзначае Дэвід Лідынгтан.

Ён таксама звяртае ўвагу на тое, што адвакат, які першапачаткова пагадзіўся абараняць Дашкевіча, быў "выключаны са складу Мінскай гарадской калегіі адвакатаў пад націскам Міністэрства юстыцыі". Паводле слоў брытанскага міністра, такое стаўленне да Дашкевіча і Лобава "наносіць яшчэ большы ўрон і без таго заплямленай рэпутацыі беларускай судовай сістэмы".

"Я хачу абсалютна выразна растлумачыць: урад Вялікабрытаніі лічыць Дашкевіча і Лобава палітычнымі зняволенымі, якія папоўнілі доўгі спіс такіх зняволеных у Беларусі, спіс, што працягвае расці", — сказаў Лідынгтан.

Паводле яго слоў, Вялікабрытанія заклікае беларускія ўлады "пакласці канец гэтаму ганебнаму становішчу спраў, вызваліць усіх палітычных зняволеных і зняць усе абвінавачанні супраць тых, хто чакае суда ў сувязі з падзеямі, якія маюць дачыненне да пратэстаў 19 снежня 2010 года".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі