Вялікая Сямёрка пройдзе неўзабаве і без Расіі
Група сямі прамыслова развітых краін абмяркоўвае магчымасць правесці сустрэчу ў самы бліжэйшы час і без удзелу Расіі.
Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са спасылкай на прэм'ер-міністра Канады Стывена Харпера.
Ён паінфармаваў парламент Канады пра сваю гутарку з прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам і пра перамовы сярод шэрагу розных краін аб магчымасці правесці саміт Сямёркі ў бліжэйшыя тыдні. Харпер вельмі крытычна выказаўся наконт палітыкі Расіі ў Крыме.
Прэм'ер-міністр таксама паведаміў, што Канада перапыніла ўсе сумесныя двухбаковыя вайсковыя мерапрыемствы з Расіяй. Харпер заявіў, што ў Канадзе працягваюць сачыць за сітуацыяй ва Украіне з вялікай заклапочанасцю.
Нагадаем, што пасля дзеянняў расійскіх вайскоўцаў у Крыме кіраўнікі сямі развітых краін адмовіліся ўдзельнічаць у сустрэчы G8. Яна мусіла адбыцца ў чэрвені ў Сочы.