Выбаркам прапануе зняцца Азараву і выдаліць двух мужчын са спісу "Нашай справы"
Аляксандр Азараў
Камісія па выбарах у Каардынацыйную Раду загадала Розе Турарбекавай выдаліць са спісу "Наша справа" двух мужчын. Такое рашэнне было прынятае на вечаровым пасяджэнні 23 траўня.
На выбарах у КР кожны спіс павінен захоўваць гендарную квоту ў 40%. Са спісу "Нашай справы" выйшла адна з удзельніц, што парушае юрыдычныя патрабаванні да спісу. Каб захаваць магчымасць удзелу ў выбарах, "Наша справа" мусіць выдаліць двух мужчын.
Рашэнне павінна быць прынятае да 9-й гадзіны раніцы (паводле варшаўскага часу) 24 траўня.
Каментуючы рашэнне выбарчай камісіі, лідарка "Нашай справы" Роза Турарбекава заявіла пра сваю нязгоду: "Я не згодна з такім рашэннем і не лічу гендарныя квоты дэмакратычнымі. Цяпер двое мужчын з нашага спісу будуць прынесеныя ў ахвяру. Але яны ўжо ахвяры, бо супраць іх заведзеная крымінальная справа".
Аляксандру Азараву, які ўзначальвае спіс "Закон і правапарадак", выбарчая камісія рэкамендавала ўзяць самаадвод, іначай з выбараў будзе зняты ўвесь спіс. Гэта звязана з рэкламнай рассылкай яго выбарчага блока — для рэкламы быў выкарыстаны чат-бот плана "Перамога".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.