Выхавальніцу асудзілі за тое, што дзіця пад яе наглядам паламала рукі
Выхавальніцу дзіцячага садка ў Светлагорску асудзілі на адзін год папраўчых работ з утрыманнем на карысць дзяржавы 15% заробку штомесяц. Таксама яна павінна заплаціць 3100 рублёў маці пацярпелага дзіцяці, піша БЕЛТА са спасылкай на прэс-сакратара Гомельскага абласнога суда Вольгу Барсукову.
Нагодай для прысуду стаў выпадак, які адбыўся сёлета 30 траўня ў дзіцячым садку. 28-гадовая выхавальніца даглядала групу ў садку, і ў гэты час адзін чатырохгадовы выхаванец атрымаў пераломы рук. Бацькі дзіцяці напісалі заяву ў міліцыю.
На выхавальніцу пачалі крымінальную справу за неналежнае выкананне абавязкаў па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя дзяцей. Суд пакінуў гэтае абвінавачанне ў сіле.
Дарэчы, у асуджанай жанчыны ёсць двое ўласных дзяцей.
Прысуд пакуль не набыў законную моц, ён можа быць абскарджаны і апратэставаны у вызначаным законам парадку.